КХП-БНФ і рух салідарнасці „Разам” далучаюцца да Кангрэса за незалежнасць



Да аргкамітэта Усебеларускага кангрэса за незалежнасць далучыліся Кансерватыўна-хрысціянская партыя — БНФ і рух салідарнасці „Разам”. Такое рашэнне было прынятае на пасяджэнні аргкамітэта 23 студзеня, паведаміў БелаПАН сустаршыня аргкамітэта Ігар Рынкевіч.

Акрамя таго, у склад аргкамітэта ўвайшла грамадзянская ініцыятыва „Рада беларускай інтэлігенцыі”. Партыя „Зялёныя” прыняла рашэнне накіраваць назіральніка, а праз два тыдні разгледзіць магчымасць таксама стаць суарганізатарам кангрэса.

Старшыня савета міжнароднага грамадскага аб’яднання „Згуртаванне беларусаў свету „Бацькаўшчына” Ніна Шыдлоўская пайшла з паcады сустаршыні аргкамітэта з-за хваробы, пры гэтым аб’яднанне застанецца сярод арганізатараў кангрэса. Сустаршынямі аргкамітэта былі абраныя лідар Рады беларускай інтэлігенцыі Уладзімір Колас і сустаршыня руху „Разам” Алена Талстая. Астатнія сустаршыні аргкамітэта — Алена Анісім, Ігар Рынкевіч, Павел Севярынец.

Члены аргкамітэта не выключылі магчымасці ўдзелу пэўных прадстаўнікоў беларускіх уладаў у кангрэсе, а дэмакратычных лідараў — ва Усебеларускім народным сходзе.

Міжнародны сакратар аргкамітэта Алена Крушэўская на пасяджэнні паведаміла, што запланаваная сустрэча з расійскімі прадстаўнікамі Грамадзянскага форуму ЕС-РФ, шэраг сустрэч з пасламі краін ЕС у Беларусі.

Былі вызначаныя квоты прадстаўніцтва дэлегатаў на кангрэс. Палітычныя партыі, рэспубліканскія грамадскія аб’яднанні, якія маюць больш за 1.000 членаў, вылучаюць па 40 дэлегатаў, іншыя аб’яднанні, у тым ліку незарэгістраваныя, — 20, сходы грамадзян і ініцыятывы змогуць вылучыць аднаго дэлегата ад кожных 10 чалавек. Аргкамітэт найбліжэйшымі днямі плануе звярнуцца да беларускага народа з заклікам ўдзелу ў кангрэсе.

Усебеларускі кангрэс за незалежнасць плануецца правесці 15 сакавіка 2020 года. Мяркуецца, што гэта будзе не столькі з’езд прадстаўнікоў палітычных партый, колькі вялікі збор прадстаўнікоў шырокіх колаў беларускага народа. Чакаецца ўдзел да 500 дэлегатаў.

belapan.by