КХП-БНФ зладзіла канферэнцыю да 100-годдзя БНР
Кансерватыўна Хрысціянская Партыя-БНФ зладзіла ў Менску канферэнцыю, прысвечаную 100-годдзю БНР.
У навукова-папулярнай канферэнцыі прынялі ўдзел вядомыя беларускія гісторыкі. Гасцям і ўдзельнікам канферэнцыі зачыталі вітальныя словы Старшыні Рады БНР Івонкі Сурвілы і лідара КХП Зянона Пазняка.
Працягвае арганізатар, намеснік старшыні КХП-БНФ Юры Беленькі:
– На падставе навуковых даследаванняў распавялі, як стваралася БНР, якое яна мела значэнне. Проста паказалі вельмі выразна і канкрэтна, што БНР была асновай, фундаментам утварэння незалежнай Беларускай Рэспублікі.
Таксама навукоўцы абмеркавалі ролю БНР у працэсе станаўлення беларускай дзяржаўнасці. Працягвае доктар гістарычных навук Валянцін Голубеў:
– Тады была першая спроба ўтварэння і пабудовы Беларускай нацыянальнай дзяржавы. А цяпер адбываецца рэалізацыя гэтай спробы. Але зараз ідзе яе развіццё і ўмацаванне. І многія ідэалы БНР зараз з’яўляюцца прыкладам і для грамадзянскай супольнасці, і для кіраўніцтва.
Больш за 200 чалавек наведалі навукова-папулярную канферэнцыю, прысвечаную стагоддзю БНР. Сярод выступоўцаў былі гісторыкі Алег Трусаў, Леанід Лыч, Алесь Краўцэвіч і іншыя. Урачыстая сустрэча завяршылася калектыўным выкананнем гімну Магутны Божа.
[Not a valid template]
Эдуард Жолуд, Беларускае Радыё Рацыя