КХП-БПФ правядзе асобнае святкаванне Дня Волі
Кансерватыўна-Хрысціянская Партыя запрашае далучыцца да афіцыйна дазволенага мітынгу і святочнага канцэрту, якія адбудуцца напярэдадні Дня Волі. Гаворыць намеснік старшыні КХП-БНФ Юрась Беленькі:
– 24-га сакавіка ў Кіеўскім скверы адбудзецца мітынг і канцэрт. Пачатак а 12-й гадзіне. Заканчэнне – а 16-й. Мерапрыемства дазволенае Менскім гарвыканкамам. На гэтым канцэрце і мітынгу мы будзем заклікаць людзей далучыцца да мерапрыемства, якое адбудзецца 25-га сакавіка каля Опернага тэатру.
Апроч традыцыйнага мітынгу і канцэрту, КХП-БНФ распачала працэс усталявання памятнага валуна ў гонар стагоддзя абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. Працягвае адказны сакратар управы КХП Алесь Чахольскі:
– Кансерватыўна-Хрысціянская партыя падала заяўку на ўсталяванне памятнага знака – камяня да 100-годдзя БНР. На ім будуць выбітыя словы: “Беларусь навечна”. Будзе Пагоня. Мы прэзентавалі гэты камень, мастацкі эскіз якога намаляваў наш вядомы мастак Аляксей Марачкін.
Валун імаверна будзе ўсталяваны ў Аляксандраўскім скверы Менска, паблізу Тэатра імя Янкі Купалы. Менавіта ў гэтым будынку ў снежні 1917 года пачаў сваю працу Усебеларускі з’езд, Рада якога абвясціла аб стварэнні Беларускай Народнай Рэспублікі.
Эдуард Жолуд, Беларускае Радыё Рацыя