Класкоўскі: Менск можа свята Маскве і сапсаваць



«Cпасылка на аргумент, што ўсё ў рамках дамовы аб Саюзнай дзяржаве 1999 года – гэта слабы аргумент для запэўнівання, што не трэба хвалявацца за захаванне Беларуссю незалежнасці.

Пра гэта, каментуючы заявы міністра замежных спраў Уладзіміра Макея пра беларуска-расейскія інтэграцыйныя перамовы, распавёў у інтэрв’ю для Радыё Рацыя палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі:

– Тады, я думаю, у Крамлі меркавалі, што вось тут некалькі год і адбудзецца, як тады казалі, братняе яднанне. Незалежнасць Беларусі – гэта такое гістарычнае непаразуменне, якое хутка будзе ліквідавана. І калі пачытаць дамову, там жа пункты і пра адзіную валюту, і пра адзіны парламент, падліковую палату і суд. Калі рэалізаваць нават тыя пункты дамовы 1999 года, якія былі замарожаныя ў свой час, то ад беларускага суверэнітэту толькі «рожкі ды ножкі» застануцца.

Менск па-ранейшаму дамагаецца вырашэння найперш эканамічных пытанняў, у той час як Крэмль больш цікавіць палітычны складнік інтэграцыі з Беларуссю. Паколькі няма нейкай схемы, якая б увязвала паглыбленую інтэграцыю з прадастаўленнем Менску эканамічнай і фінансавай дапамогі, то можа дайсці да чарговага абвастрэння стасунках саюзных дзяржаў, дадае эксперт:

– Калі ўважліва прачытаць інтэрв’ю Макея, там фактычна схаваная такая бомба для Крамля: калі вы не вырашыце вось гэтыя пытанні набалелыя, інакш кажучы, не адсыплеце нам пернікаў да снежня, то можа і не быць ніякага падпісання гэтага новага інтэграцыйнага дакумента да дваццацігоддзя саюзнай дзяржавы. Інакш кажучы, Менск можа гэтае свята Маскве сапсаваць.

Карту інтэграцыі Расеі і Беларусі могуць узгадніць да 8 снежня, у ёй не будзе пункта пра адзіную валюту, але прадугледжана работа над адзіным падатковым кодэксам, заявіў кіраўнік беларускага МЗС Уладзімір Макей у інтэрвʼю агенцтву РБК. Паводле яго слоў, дакумент таксама не прадугледжвае паглыбленую палітычную інтэграцыю і ніякіх палітычных момантаў, звязаных са стварэннем федэрацыі, канфедэрацыі там няма і не будзе, а суверэнітэт для абедзвюх дзяржаў – гэта святое, – падкрэсліў беларускі міністр.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя