КНДР аб’явіла пра паспяховае выпрабаванне вадароднай бомбы
Паўночная Карэя абвясціла пра правядзенне паспяховага выпрабавання вадароднай бомбы – першага ў сваёй гісторыі. За некалькі гадзін да абвяшчэння па дзяржаўным тэлебачанні КНДР у раёне аднаго з паўночнакарэйскіх ядзерных палігонаў на паўночным усходзе краіны Геалагічная служба ЗША зафіксавала падземныя штуршкі магнітудай 5,1.
„Гэта выпрабаванне азначае выхад ядзерных сіл КНДР на новы ўзровень”, – гаворыцца ў заяве ўрада, якое цытуецца афіцыйнымі паўночнакарэйскімі СМІ.
Выпрабаванне вадароднай бомбы – гэта „падзея, якая ўзрушыла свет, якое будзе занесена ў гісторыю нацыі […], якое наблізіць перамогу рэвалюцыйных ідэалаў чучхэ”, – гаворыцца ў гэтай заяве.
У Нью-Ёрку было абвешчана пра тое, што Рада Бяспекі ААН збярэцца на экстраную сустрэчу.
У снежні паўночнакарэйскі лідар Кім Чэн Ын заявіў пра тое, што Пхеньян распрацаваў уласную вадародную бомбу, аднак міжнародная супольнасць сустрэла яго заяву скептычна.
Апошнія выпрабаванні ядзернай зброі КНДР прайшлі ў 2013 годзе і выклікалі ўзмацненне жорсткасці Саветам Бяспекі ААН санкцый супраць краіны.