КНДР заявіла пра непазбежнасць карэйскай вайны
Маштабныя ваенныя вучэнні, якія праводзяцца ЗША сумесна з Паўднёвай Карэяй, і апошнія заявы амерыканскіх чыноўнікаў з’яўляюцца сведчаннямі падрыхтоўкі ЗША да нанясення ўдару па КНДР, заявіў МЗС Паўночнай Карэі.
Сумесныя вучэнні ВПС ЗША і Паўднёвай Карэі
Прадстаўнік паўночнакарэйскага МЗС адзначыў, што „цяпер застаецца толькі адно пытанне: калі вайна выбухне”. Ён падкрэсліў: „Мы не хочам вайны, але і хавацца ад яе не будзем”.
Як паведамлялася, дарадца прэзідэнта ЗША па нацыянальнай бяспецы Герберт Макмасцер заявіў, што магчымасць вайны з Паўночнай Карэяй „нарастае кожны дзень”. У сваю чаргу сенатар Ліндсі Грэм папярэдзіў, што ў сувязі з пагрозай вайны варта эвакуіраваць з Паўднёвай Карэі жонак і дзяцей супрацоўнікаў амерыканскіх устаноў.
З панядзелка ў раёне Карэйскага паўвострава праходзяць найбуйнейшыя сумесныя вучэнні ВПС ЗША і Паўднёвай Карэі з удзелам 230 самалётаў.