Колькасць палітвязняў у Беларусі павялічылася да 500



Беларускія праваабарончыя арганізацыі прызналі палітвязнямі яшчэ пяць чалавек, асуджаных або змешчаных у СІЗА паводле абвінавачання ў абразе прэзідэнта, прадстаўнікоў улады (супрацоўнікаў міліцыі), суддзяў і абразе дзяржаўных сімвалаў.

У спіс уключаныя: Герман Быхаў — знаходзіцца ў СІЗА і абвінавачваецца паводле арт. 130 КК (распальванне варожасці ў дачыненні да іншай сацыяльнай групы — супрацоўнікаў МУС); Сяргей Бобашаў — асуджаны на два гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу паводле арт. 369 КК (абраза прадстаўніка ўлады); Аляксандр Аграйцовіч — асуджаны на два гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу паводле арт. 188 КК (паклёп); Дзмітрый Бабок — асуджаны на год пазбаўлення волі паводле арт. 188 КК; Юрый Бірук — асуджаны на паўтара года пазбаўлення волі паводле арт. 368 КК (абраза прэзідэнта).

Праваабаронцы лічаць іх пераслед „палітычна матываваным, звязаным з мірнай рэалізацыяй выказвання меркавання”, а іх саміх — палітычнымі зняволенымі.

У сувязі з гэтым восем праваабарончых арганізацый у сумеснай заяве патрабуюць неадкладна вызваліць Быхава, Бобашава, Аграйцовіча, Бабка, Бірука і іншых палітвязняў, а таксама спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.

Акрамя таго, праваабаронцы патрабуюць: прыняць меры па дэкрыміналізацыі дыфамацыйных правапарушэнняў і адмяніць артыкулы Крымінальнага кодэкса, якія прадугледжваюць адказнасць за абразу дзяржавы, дзяржаўных сімвалаў і службовых асоб, а менавіта артыкулы 188, 189, 367, 368, 369, 369-1, 370, 391; спыніць усе раней распачатыя на падставе гэтых артыкулаў крымінальныя справы.

Заяву падпісалі пазбаўлены дзяржрэгістрацыі праваабарончы цэнтр „Вясна”, РГА „Прававая ініцыятыва”, Цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend, Беларускі дакументацыйны цэнтр, РПГА „Беларускі Хельсінкскі камітэт”, кансультацыйны цэнтр „Х’юман канстанта”, „Ініцыятыва FORB”, Беларускі ПЭН-цэнтр.

Такім чынам, на 18 чэрвеня палітвязнямі ў Беларусі прызнаныя 500 чалавек.