Колькасць прадстаўнікоў апазіцыі ў выбаркамах складае 2,5%
Агульная колькасць прадстаўнікоў апазіцыйных партый і аб’яднанняў ва ўсіх створаных выбарчых камісіях разам складае 2,5% ад усіх сябраў камісій, падлічылі прадстаўнікі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» ў сваёй справаздачы.
Яны назіралі за фармаваннем тэрытарыяльных і акруговых выбарчых камісій. Улады тут дзейнічалі па звыклым сцэнары, дамінуюць праўладныя аб’яднанні, – заўважыў у нашым эфіры Валянцін Стэфановіч з Праваабарончага цэнтру «Вясна».
– Тое, што тычыцца камісій, то чамусьці асноўныя прадстаўнікі якраз грамадскіх аб’яднанняў. Прычам усе яны праўладныя. Традыцыйная пяцёрка найбуйнейшых праўладных арганізацый: “Белая Русь”, БРСМ, “Саюз ветэранаў”, “Саюз жанчын”, у гэтым годзе вельмі актыўна дзейнічае Беларускі фонд міру. Вось яны фармуюць большасць у камісіях. І, натуральна, прафсаюзы, якія ўваходзяць у дзяржаўную Федерацыю прафсаюзаў Беларусі.
Традыцыйна нізкім застаецца працэнт праходнасці ў склад камісій прадстаўнікоў апазіцыйных партый – толькі каля 19% ад вылучаных у тэрытарыяльныя камісіі і 21% у акруговыя выбарчыя камісіі. А, напрыклад, прадстаўнікі ад трох апазіцыйных грамадскіх аб’яднанняў (БНФ “Адраджэнне”, “Рух за Свабоду” і “Гавары праўду”) увогуле не патрапілі ў склад тэрытарыяльных камісій.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя