Колькасць заяў аб рэгістрацыі ініцыятыўных груп можа перавысіць 40



Цэнтральная камісія па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў прыняла 34 заявы аб рэгістрацыі ініцыятыўных груп па вылучэнні кандыдатаў у прэзідэнты, з іх тры — 11 мая, дзве — 12 мая, пяць — 13 мая, 24 — 14 мая.

Апошнія заявы ў чацвер былі прынятыя ад Сяргея Статкевіча (1965 года нараджэння, беспрацоўны, беспартыйны, пражывае ў Рэчыцы), Жанны Раманоўскай (1967, беспрацоўная, беспартыйная, Мінск), Віктара Шорца (1971, электрагазазваршчык „Мінскметрабуда”, Мінск) і Мікалая Статкевіча (1956, пенсіянер, беспартыйны, Мінск).

Жанна Раманоўская вылучалася на папярэдніх выбарах у 2015 годзе, але здала менш за 1 тыс. подпісаў пры неабходных 100 тыс. Тады яна была беспрацоўнай настаўніцай і жыла ў Брэсце. Сяргей Статкевіч — цёзка вядомага апазіцыйнага палітыка Мікалая Статкевіча, які ўзначальвае яго ініцыятыўную групу, і адзін з 27 „кандыдатаў пратэсту”, якія ідуць на выбары. Паводле слоў Мікалая Статкевіча, задача „кандыдатаў пратэсту” — даць грамадзянам магчымасць удзельнічаць у іх пікетах у межах кампаніі без боязі быць прыцягнутымі да адказнасці за парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах. Віктар Шорац таксама з’яўляецца „кандыдатам пратэсту”, і Статкевіч таксама кіруе яго ініцыятыўнай групай. У сваю чаргу ініцыятыўную групу Статкевіча ўзначальвае яго жонка Марына Адамовіч.

Астатнія 24 „кандыдаты пратэсту”:

— Аляксандр Абрамовіч (1960, пенсіянер, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), Барысаў);

— Рэгіна Беркус (1959, пенсіянерка, беспартыйная, Ліда);

— Антаніна Вішнякова (1985, раскройшчыца матэрыялаў СЗАТ „Отыка”, беспартыйная, Мінск);

— Аляксандр Грачышнікаў (1976, ІП, беспартыйны, Мінск);

— Алена Давыдава (1981, урач-бактэрыёлаг Гомельскага абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя, фельчар выязной брыгады хуткай медыцынскай дапамогі Гомельскай гарадской станцыі хуткай медыцынскай дапамогі, беспартыйная, Гомель);

— Анжаліка Жалезнякова (1967, беспрацоўная, беспартыйная, Мінскі раён);

— Аляксей Зуевіч (1970, індывідуальны прадпрымальнік, беспартыйны, Ельскі раён);

— Пётр Карабанаў (1961, кіраўнік фермерскай гаспадаркі, беспартыйны, Жлобінскі раён);

— Юрый Касач (1965, начальнік аддзела інавацыйных тэхналогій прамысловай групы „Адаман”, беспартыйны, Наваполацк).

— Уладзімір Кійко (1981, беспрацоўны, Партыя БНФ, Віцебск);

— Ігар Кляшчук (1979, рамеснік, беспартыйны, Мінск);

— Дзмітрый Кудравец (1975, машыніст помпавых установак Жодзінскага водаканала, беспартыйны, Жодзіна);

— Вераніка Мішчанка (1968, ІП, беспартыйная, Жлобінскі раён);

— Уладзімір Неўмяржыцкі (1970, беспрацоўны, беспартыйны, Мазыр);

— Уладзімір Няпомняшчых (1952, пенсіянер, Аб’яднаная грамадзянская партыя, Гомель);

— Вольга Нікалайчык (1968, беспрацоўная, беспартыйная, Мінск);

— Тамара Патоцкая (1966, аграсядзіба „Чыжы”, беспартыйная, Баранавічы);

— Мікалай Салянік (1955, пенсіянер, беспартыйны, Гродна);

— Наталля Стрэльчанка (1982, беспрацоўная, беспартыйная, Дуброўна);

— Сяргей Ціханоўскі (1978, дырэктар ТДА „Студыя Компас”, беспартыйны, Гомель);

— Валянцін Фралоў (1983, індывідуальны прадпрымальнік, беспартыйны, Глускі раён);

— Вікторыя Хатэнка (1978, аперацыйная санітарка Мінскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы, беспартыйная, Лагойск);

— Аляксандр Школьнікаў (1976, беспрацоўны, беспартыйны, Орша);

— Аляксандр Якушкоў (1956, пенсіянер, беспартыйны, Віцебск).

Відэаблогер Ціханоўскі youtube-канала „Краіна для жыцця” (181 тыс. падпісчыкаў) адбывае 15-сутачны арышт за ўдзел у акцыі пратэсту супраць паглыбленай інтэграцыі з Расіяй у снежні 2019 года, таму заяву ў ЦВК падавала яго давераная асоба.

Дакументы таксама падалі прэтэндэнты (альбо іх давераныя асобы):

— Алена Ашыхміна (1968, памочнік дырэктара ТАА „Болсе”, дырэктар ТАА „БелТэхПадшыпнік”, беспартыйная, Мінск);

— Алег Гайдукевіч (1977, дэпутат Палаты прадстаўнікоў, старшыня Ліберальна-дэмакратычнай партыі, Мінск);

— Юрый Ганцэвіч (1976, фермер, беспартыйны, Гомельскі раён);

— Віталь Зялкоўскі (1980, інжынер-дызайнер, беспартыйны, Маладзечна);

— Наталля Кісель (1969, намеснік дырэктара прыватнага прадпрыемства „Кісель В.В.”, беспартыйная, Мінск);

— Аляксандр Лукашэнка (1954, балатуецца на шосты тэрмін, Мінск).

15 мая, у апошні дзень прыёму заяў, у ЦВК збіраюцца прыйсці былы старшыня праўлення „Белгазпрамбанка” Віктар Бабарыка, экс-кіраўнік адміністрацыі Парку высокіх тэхналогій Валерый Цапкала, сустаршыня грамадскага аб’яднання „Гавары праўду” Андрэй Дзмітрыеў, удзельнікі апазіцыйных праймерыз Юрый Губарэвіч (старшыня руху „За Свабоду”), Вольга Кавалькова (сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя”), Мікалай Казлоў (в.а. старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі), дэпутат Палаты прадстаўнікоў шостага склікання (2016—2019) Ганна Канапацкая, старшыня партыі „Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада” Сяргей Чэрачэнь.

Такім чынам, колькасць прэтэндэнтаў на вышэйшую дзяржаўную пасаду можа перавысіць 40, што стане новым рэкордам за ўвесь час правядзення прэзідэнцкіх выбарчых кампаній.

Выбары прызначаныя на 9 жніўня.

belapan.by

Фота БелТА