Колькі “абураных беларусаў” выйдзе на марш?
Палітык Мікалай Статкевіч распавёў, як ідзе падрыхтоўка да Марша абураных беларусаў, які прызначаны на 17 лютага.
Як вядома, днямі палітыкі Уладзімір Някляеў, Мікалай Статкевіч і Яўген Афнагель праінфармавалі гарадскія ўлады аб намеры правесці 17 лютага Марш абураных беларусаў.
“У адпаведнасці з правам, гарантаваным артыкулам 35 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і падпісанымі нашай краінай міжнароднымі пагадненнямі, мы маем намер правесці 17 лютага акцыю на Кастрычніцкай плошчы Менска. Пачатак у 18.00, – напісалі аўтары ліста ў Менгарвыканкам. – Прапануем выканаць патрабаванні Канстытуцыі і забяспечыць бесперашкоднае правядзенне мерапрыемства”.
Мікалай Статкевіч: Падрыхтоўка ідзе нармальна, мы, як ужо казаў, не падавалі заяўку на правядзенне мерапрыемства, а проста праінфармавалі гарадскія ўлады, што праводзім акцыю, карыстаючыся сваім канстытуцыйным правам. І мы не чакаем ад Менгарвыканкама ніякіх адказаў. Лічым, што сёння адзіная мажлівасць выказацца па актуальных праблемах – гэта несанкцыянаваныя ўладамі масавыя публічныя мерапрыемствы. Спробы ж атрымаць санкцыю па сапраўды гарачых тэмах на нейкую акцыю ні да чаго не прыводзяць.
РР: А вось заяўнікі Марша недармаедаеў, які плануецца правесці 15 сакавіка, вырашылі пайсці больш цывілізаваных шляхам – падалі заяўку…
Мікалай Статкевіч: Яны і ў Гародні падавалі заяўку, і чым справа закончылася? Адмовай. Мне падаецца, што і на марш у Менску 15 сакавіка арганізатары дазвол не атрымаюць.
РР: Можа варта было аб’яднаць сілы?
Мікалай Статкевіч: Чым больш акцый, тым лепш. Дэкрэт аб “дармаедах” – гэта такая тэма, што яна павінна быць пастаянна на слыху ў грамадстве. І гэта добра, калі такія акцыі праводзяць розныя арганізацыі. Дрэнна, калі яны толькі робяць выгляд аб жаданні нешта зрабіць, а насамрэч нічога не робяць. Бо калегі ж, напэўна, выдатна разумеюць, што дазвол не атрымаюць на марш. І што далей? Наўрад ці яны будуць праводзіць несанкцыянаваную акцыю. Я лічу, што сёння толькі Беларускі нацыянальны кангрэс можа арганізаваць паўнацэнную акцыю пратэсту. Галоўнае, каб нам проста не заміналі.
РР: На якую колькасць людзей вы разлічваеце?
Мікалай Статкевіч: Я звычайна кажу так: хто прыйдзе, той прыйдзе. Але зараз бачу, што народу будзе шмат. Збярэцца больш, чым звычайна. Гэта бачна і па таму, як улада мітусіцца, і па рэакцыі людзей у сацыяльных сетках.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя