Колькі апазіцыянераў прапусцяць у мясцовыя саветы?



Cустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Віталь Рымашэўскі распавядае пра магчымы сцэнар на выбарах у мясцовыя саветы.

Як вядома, беларускі кіраўнік падтрымаў прапанову прызначыць выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў на 18 лютага 2018 года. У Палату прадстаўнікоў падчас апошніх парламенцкіх выбараў патрапілі два прадстаўнікі беларускай дэмкакратычнай грамадскасці. А колькі іх будзе ў мясцовых саветах?

Віталь Рымашэўскі: Давайце называць рэчы сваімі імёнамі – у парламент двух прадстаўнікоў ад апазіцыі прызначылі. Я абсалютна добра стаўлюся да Ганны Канапацкай і Алены Анісім, мы, безумоўна, выкарыстоўваем іх знаходжанне ў Палаце прадстаўнікоў, але факт застаецца фактам – улада поўнасцю кантралюе выбары. Я перакананы, што падчас мясцовых выбараў такая ж уладная стратэгія працягнецца – некалькі дзясяткаў апазіцыянераў таксама прызначаць у мясцовыя саветы. Хаця для нас гэта нічога прынцыпова не змяняе – улады не скарысталіся шанцам рэфармаваць Выбарчы закон. Але тыя самыя некалькі дзясяткаў мандатаў прадстаўнікоў дэмакратычнай грамадскасці будуць прадстаўлены Захаду як карэнныя рэформы і прагрэс у выбарчым заканадаўстве.

РР: Якая пазіцыя БХД падчас гэтай кампаніі?

Віталь Рымашэўскі: Мы будзем выкарыстоўваць яе гэтак жа, як выкарыстоўвалі і парламенцкую, бо гэта, бадай што, адзіная магчымасць сёння легальна працаваць з людзьмі на вуліцах, з выкарыстаннем друкаванай прадукцыі, не баючыся штрафаў і рэпрэсій з боку міліцыі. Наша мэта – вось гэтая праца з людзьмі. Тыя ж, хто збіраецца вылучацца на выбары, будуць працягваць кампанію, незалежна ад таго, ці абяруць іх дэпутатамі.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя