Колькі будзе кандыдатаў у прэзідэнты?
Палітолаг Валерый Карбалевіч распавядае пра адметнасці этапа збору подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у прэзідэнты.
Валерый Карбалевіч: Галоўная адметнасць, як гэтага першага этапу, так, здаецца, і ўсёй кампаніі – гэта палітычная апатыя, абыякавасць насельніцтва, фатальная наканаванасць у грамадскай свядомасці вынікаў выбараў. Таму гэта, магчыма, будуць самыя ціхія і самыя нецікавыя выбары за ўсе часы прэзідэнцкіх кампаній.
РР: Многія не вераць, што прэтэндэнты на самай справе сабралі па 100 тысяч подпісаў і больш. Наколькі такія сумненні, на ваш погляд, маюць пад сабой падставы?
Валерый Карбалевіч: Я б таксама раздзяліў паняцці “сабраць” і “здаць”. Мяркую, што сабраць 100 тысяч подпісаў не здолеў ніхто акрамя Лукашэнкі. І то таму, што быў уключаны адміністратыўны рэсурс. Што датычыцца пікетаў і збору подпісаў на кватэрах, то тут наўрад ці можна сабраць неабходную колькасць подпісаў. Досведы папярэдніх кампаній паказалі, што гэта можна было зрабіць, як мінімум маючы ініцыятыўную групу ў 3 тысячы чалавек. І гэта пры тым, што раней у грамадстве было і апатыі менш, і страху. Былі нейкія спадзяванні на змены, на тое, што магчымы сапраўдныя выбары. Гэтым разам ні ў каго не было ў групах па 3 тысячы сябраў, да таго ж апатыя людзей паказала рэальную цікавасць да кампаніі народу. А “здаць” подпісы – гэта ўжо з іншай оперы.
РР: Колькі, па вашых прагнозах, будзе кандыдатаў у прэзідэнты?
Валерый Карбалевіч: Тут усё залежыць ад таго, які сцэнар улады распрацавалі. І хто ў гэты сцэнар уваходзіць. Зразумела, што акрамя Лукашэнкі, у спісе павінны быць яшчэ кандыдаты, бо пакідаць яго аднаго на фінішы было б непрыстойна нават па мерках беларускіх выбараў. І павінен быць рэальны кандыдат ад апазіцыі, таму што яго адсутнасць не зразумее ні беларускі абывацель, ні Еўропа. Ды і ўладзе псіхалагічна важна перамагчы менавіта апзіцыянера, а ні нейкага Гайдукевіча. Калякін і Лябедзька не сабралі 100 тысяч подпісаў, а значыцца застаецца толькі варыянт Таццяны Караткевіч. Не выключаю, што да Гайдукевіча яшчэ могуць далучыць Улаховіча і Цярэшчанку, але кагосьці могуць і адсеяць. Але з гэтай тройкі нехта будзе адзін – гэта дакладна.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя