Колькі кандыдатаў назбіраецца на пасаду прэзідэнта?



Старшыня руху “За свабоду” Юрась Губарэвіч разважае, ці шмат кандыдатаў захочуць паўдзельнічаць у прэзідэнцкай кампаніі.

Старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына днямі выказала меркаванне, што падчас новай прэзідэнцкай кампаніі будзе прыкладна 5-7 прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта. Ці назбіраецца столькі жадаючых?

Юрась Губарэвіч: Як паказвае практыка, прэтэндэнтаў на прэзідэнцкую пасаду можа быць не 5-7, а значна больш. Многія бачаць у прэзідэнцкай кампаніі нейкія асабістыя выгоды, магчымасць заявіцца і “раскруціцца”.

Але тут трэба разумець, што колькасць кандыдатаў яшчэ можа рэгуляваць і Цэнтрвыбаркам. Могуць не зарэгістраваць тых кандыдатаў, якія сабралі ўсе неабходныя подпісы і сур’ёзна ўключыліся ў барацьбу, а на парушэнні з боку асобных “зручных” прэтэндэнтаў не звяртаць увагі. Гэта ўсё патрэбна для выбарчай гульні.

РР: Можа тады не варта ўдзельнічаць у такой гульні?

Юрась Губарэвіч: У маёй палітычнай гісторыі ёсць досвед і паспяховага ўдзелу ў выбарчай кампаніі ў часы і Лукашэнкі, і Ярмошынай, калі я разам са сваёй камандай выйграў выбары ў гарсавет Белаазёрска. Для мяне самае галоўнае – гэта меркаванне выбарцаў. Важна, што яны думаюць і як ацэньваюць кандыдата. А жаданне змагацца за перамогу – яно застаецца заўсёды.

Апошняя кампанія ў мясцовыя саветы, дзе я таксама балатаваўся, таксама прынесла пацверджанне маёй пазіцыі, бо на адным участку, дзе мы дамагліся празрыстага падліку галасоў, я атрымаў пераканаўчую перамогу. Таму галоўнае – падтрымка людзей. Натуральна, я разумею, што празрыстага падліку галасоў не будзе, але, тым не менш, заяўляючыся на выбары, ты прапануеш людзям альтэрнатыву. А прэзідэнцкія выбары – найбольш магутная пляцоўка, з якой можна сказаць людзям, што ўсё можа быць па-іншаму.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя