Колькі кандыдатаў зарэгіструюць?



Лідар ЛДПБ Алег Гайдукевіч, які зняўся з выбараў, распавядае, чым ён зараз займаецца.

Нагадаем, што кіраўнік Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алег Гайдукевіч таксама быў прэтэндэнтам на прэзідэнцкую пасаду, але вельмі хутка зняўся з выбараў, каб “не быць прастытуткай”.

Алег Гайдукевіч: Ад палітычнага жыцця я не дыстанцыянаваўся, займаюся парламенцкімі справамі. А калі зарэгіструюць кандыдатаў, паеду па рэгіёнам. Буду збіраць у актавых залах прыхільнікаў, выказваць ім сваю пазіцыю адносна сёлетняй прэзідэнцкай кампаніі.

РР: Сочыце за тым, як праходзіць кампанія?

Алег Гайдукевіч: Для мяне тут усё зразумела. Мяркую, асноўныя падзеі і асноўная барацьба пачнуць разгортвацца пасля 9 жніўня, калі пройдуць выбары. І мая пазіцыя простая: я – не прыхільнік улады, я – прыхільнік сваёй краіны.

Калі пасля 9 жніўня мы не будзем трансфармаваць сваю палітычную сістэму, не будзем пераходзіць на партыйныя спісы і рэфармаваць іншыя сферы, то праз 3-4 гады рызыкі будуць вельмі вялікія.

РР: Можаце зрабіць прагноз, хто будзе зарэгістраваны кандыдатам акрамя беларускага кіраўніка?

Алег Гайдукевіч: Мяркую, што зарэгіструюць Віктара Бабарыку, Валерыя Цапкалу, Андрэй Дзмітрыева, Ганну Канапацкую, Сяргея Чэрачня і Наталлю Кісель. Астатнія — несур’ёзныя людзі з такімі ж несур’ёзнымі намерамі.

РР: Упэўнены, што ўсе яны збяруць неабходныя для рэгістрацыі 100 тысяч подпісаў?

Алег Гайдукевіч: Не ўсе збяруць, але, на мой погляд, улады пойдуць на сцэнар 2010 году і зарэгіструюць усіх акрамя маргіналаў. Тут галоўнае здаць неабходную колькасць подпісаў, а далей усё будзе залежыць ад таго, наколькі сур’ёзнай будзе іх праверка.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя