Колькі патрацілі на канцэрт пасля буйнога праўладнага аўтапрабегу з удзелам Эйсмант і Баскава
Адзін з самых маштабных праўладных аўтапрабегаў зладзілі пад Менскам 8 лістапада. Пасля таго як калона праехала па МКАД, у Ліпках для ўдзельнікаў арганізавалі бясплатную салдацкую кашу з палявой кухні, шашлык і іншую ежу па цалкам даступных цэнах, а таксама арганізавалі канцэрт з Саладухам, Жанет, Ланской і іншымі выканаўцамі.
На сайце дзяржзакупак з’явілася інфармацыя пра тое, колькі грошай патрацілі на арганізацыю правядзення канцэрта. Крыніца фінансавання – бюджэтныя сродкі. Мяркуючы па гэтых дадзеных, адзін з самых вялікіх ганарараў быў запланаваны групе Aura і яе камандзе, салістка якой – Юлія Быкава, давераная асоба Аляксандра Лукашэнкі на выбарах. Для параўнання: для Аляксандра Саладухі сума ў два разы менш, а для Алёны Ланской – у чатыры.
Хто выступіў на канцэрце і якія ганарары прадугледжаны для артыстаў
Пры гэтым стала вядома, якая сума была прадугледжана на арганізацыю і правядзенне канцэрта ў Ліпках 8 лістапада для ўдзельнікаў аўтапрабегу. Нагадаем, на аўтапрабег з’ехалася каля 1000 машын. Сярод яго ўдзельнікаў былі ў тым ліку прэс-сакратар Лукашэнкі Наталля Эйсмант, старшыня Федэрацыі хакея Беларусі Дзмітрый Баскаў, галоўны трэнер нацыянальнай зборнай Беларусі па хакеі Міхаіл Захараў.
Па дадзеных на сайце дзяржзакупак, на правядзенне патрыятычнай акцыі «Аўтапрабег «За адзіную Беларусь» была запланаваная сума ў 21 895 рублёў. Крыніца фінансавання – бюджэтныя сродкі. Заказчык / арганізатар – «Мінскканцэрта».
Выканаўцам Алёне Ланской, Жанет, Вікторыі Алешка, балету Fusion, балету Next была закладзена сума па 1000 рублёў, арт-групе „Беларусы”, шоу-тэатру «Алюр» – па 1500 рублёў, Аляксандру Саладуху – 2000 расійскіх рублёў, а групе Aura, танцорам , музыкам – 4000 рублёў. Нагадаем, салістка групы Aura Юлія Быкава была даверанай асобай Аляксандра Лукашэнкі на выбарах. Раней Мазырскі раённы міжгаліновы цэнтр размяшчаў заяўку на дзяржзакупку на выступленне 19 верасня групы Aura на такую ж суму – 4000 рублёў, крыніца фінансавання – бюджэтныя сродкі. У гэты дзень у Мазыры святкавалі 865-годдзе горада.
На працу галоўнага рэжысёра на канцэрце пасля аўтапрабегу была закладзена сума ў 2000 рублёў, памочніка рэжысёра – 1000 рублёў, харэографа – 500 рублёў, асістэнтаў рэжысёра – 700 рублёў.
На паслугі па перавозцы грузавым транспартам да 3,5 тоны выдаткавалі 495 рублёў, на відэакантэнт, дэманстрацыю – 2700 рублёў.
Дагаворы па выніках правядзення працэдуры закупкі з адной крыніцы, мяркуючы па інфармацыі на сайце дзяржзакупак, заключылі з ЗП Саладуха Аляксандр Антановіч, ІП Фаміных Ірына Станіславаўна, ІП Алешка Вікторыя Робертаўна, ІП Сарока П.Г., ІП Шмат Валерый Сяргеевіч, ІП Алейнік Яўген Фёдаравіч (прадзюсер групы Aura), ІП Радзівонава Людміла Міхайлаўна (выступленне шоў-тэатра «Алюр»), ІП Фомбаров Е.Г., ІП Пунтус М.П. (Транспартныя паслугі), ІП Федарэнка Аляксей Сяргеевіч. Некалькі дагавораў заключылі з ЗП Арцюкоўская Д.А. (Паслугі – галоўны рэжысёр; асістэнты рэжысёра; відэакантэнт, дэманстрацыя), ІП Кашавы Дзяніс Алегавіч. Паўторым, што дадзеныя з адкрытай крыніцы – сайт дзяржзакупак.
Ці кампенсуюць удзельнікам аўтапрабегу выдаткі на паліва і калі так, то ў якім памеры, ці аплачваюць ім «камандзіровачныя» або усё на энтузіязме, ці выдаюць ім чырвона-зялёныя сцягі ці яны купляюць іх за ўласныя грошы, ці пакрываюць ім іншыя выдаткі накшталт начлегу, экскурсій, харчавання і калі так, то з якіх крыніц, дакладна невядома.
Дарэчы, 8 лістапада таксама быў задзейнічаны верталёт МІ-2 пад кіраваннем начальніка Менскага аэраклуба ДТСААФ Мікалая Мачанскага.