Колькі прадстаўнікоў апазіцыі патрапяць у мясцовыя саветы?
Сустаршыня аргкамітэта па стварэнні грамадскай аргнанізацыі “За справядлівыя выбары” Віктар Карняенка распавядае пра “камбінацыйную палітыку” ўладаў падчас выбараў.
Віктар Карняенка: Асаблівай актыўнасці падчас гэтай выбарчай кампаніі не бачна, улада таксама не асабліва дэманструе “павагу” да кампаніі. Наведванне беларускім кіраўніком якой-небудзь шэраговай гаспадаркі альбо прадпрыемства ці гульня ў хакей Лукашэнкі з сынам – значна большая падзея для дзяржаўных СМІ, чым агульнанацыянальная палітычная кампанія пад назвай “выбары ў Беларусі”. Так што няма вялікай цікавасці да гэтай кампаніі ні ў людзей, ні ў сродкаў масавай інфармацыі.
РР: Але, магчыма, ёсць нейкія адметнасці?
Віктар Карняенка: Можна заўважыць, што з’явілася шмат кандыдатаў, якія раней не ўдзельнічалі ў палітычных кампаніях, але зараз захацелі сябе паспрабаваць. Я б адзначыў цудоўную групу ў Бараўлянах, мы ім дапамагаем арганізоўваць назіранне.
Увогуле, людзі ў нас наіўныя. Яны думаюць, што можна і перамагчы, калі ўсё зрабіць правільна. Але выбары будуць праходзіць па старых лекалах. І мне падаецца, што, калі нехта і атрымае дэпутацкі мандат, то таму, што так вырашыла ўлада. Некаторых могуць уключыць у гэтую гульню.
РР: Ваш прагноз: колькі прадстаўнікоў апазіцыі патрапяць у мясцовыя саветы?
Віктар Карняенка: Думаю, што не больш за 20 чалавак па ўсёй краіне, уключаючы і сельскія саветы. Хаця могуць і такой “квоты” не даць. Улада можа спалохацца сваіх гульняў, бо добра памятае, да чаго яны прывялі напрыканцы 80-х і пачатку 90-х гадоў. Хаця ўсё паказвае на тое, што ўлада пачала гуляць апошнім часам у камбініцыйную палітыку, таму больш верагодна, што апазіцыя будзе прадстаўлена ў мясцовых саветах. Тым больш, на гэта ўказваюць і вынікі парламенцкіх выбараў.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя