Колькі Расея збіраецца карміць Беларусь?
Стала вядома, што Расея кампенсуе Беларусі страты ад падатковага манеўру. Як адзначае эканаміст Леў Марголін, у сёняшняй сітуацыі Маскве не застаецца іншага выйсця, як “карміць Беларусь”.
Беларусь і Расея дасягнулі дамоўленасці пра парадак залічэння мытаў на нафтапрадукты, вырабленыя ў Беларусі, з улікам раней дасягнутых пагадненняў і разліковых страт бюджэту Беларусі ад падатковага манеўру ў нафтавай галіне РФ.
Пра гэта заявіў журналістам віцэ-прэм’ер РФ Аркадзь Дварковіч па выніках праведзеных учора ў Сочы перамоваў прэм’ер-міністраў Беларусі і Расеі Міхаіла Мясніковіча і Дзмітрыя Мядзведзева.
«Па выніках перамоваў у Сочы дасягнута дамоўленасць пра парадак залічэння мытаў на нафтапрадукты, вырабленыя ў Рэспубліцы Беларусь у 2015 годзе, у рамках пагадненняў пра стварэнні ЕАЭС. Дамоўленасці ўлічваюць як раней дасягнутыя пагадненні пра аб’ёмы паставак нафты і нафтапрадуктаў, так і разліковыя страты бюджэту Рэспублікі Беларусь ад вялікага падатковага манеўру», — сказаў Аркадзь Дварковіч.
Леў Марголін: Масква, безумоўна, кампенсуе страты ад падатковага манеўру, але не думаю, што на ўсе сто адсоткаў. Да тых паўтары мільярды долараў, што Расея абяцала ў маі, можа быць, дабавяць яшчэ 500 мільёнаў. Але адназначна не стане такога, што мытныя пошліны ў поўным аб’ёме будуць заставацца ў беларускім бюджэце.
РР: З беларускага боку гучалі ў адрас Масквы пагрозы, што дамова пра Еўразійскі саюз не будзе ратыфікавана, пакуль не вырашыцца сітуацыя з пошлінамі. Атрымліваецца, што пагроза падзейнічала?
Леў Марголін: Я думаю, што гэта звычайны гандаль. Адзін бок кажа, што не ратыфікуе дамову, другі сцвярджае, што не можа ўсё кампенсаваць. Беларуская ўлада раней заяўляла, што ёй неабходны расейскія прэферэнцыі да 2017 года, пакуль не скончыцца мадэрнізацыя двух нафтаперапрацоўчых заводаў. Але ці выгадна гэта Расеі? У іх ёсць свае нафтаперапрацоўчыя заводы і свая мадэрнізацыя. Фактычна атрымоўваецца, што Беларусь хоча за расейскі кошт мадэрнізаваць свае нафтаперапрацоўчыя прадпрыемствы. Пры гэтым, калі Мазырскі завод напалову належыць расейскаму капіталу, то прадпрыемства з Наваполацка цалкам беларускае. Таму наўрад ці афіцыйны Менск зможа дабіцца ўсяго, што хоча. Але ж папужаць ніхто не забараняе. Папросіш больш – дадуць хоць нешта. Папросіш менш – нічога не дадуць.
РР: Увогуле, ці гатовая Расея і надалей карміць Беларусь рознымі кампенсацыямі і крэдытамі?
Леў Марголін: У бліжэйшы час пытанне пра тое, каб зусім скасаваць такую дапамогу, не стаіць, бо Расея пакуль не вызначылася з Украінай. Крэмль не кіне Беларусь у аўтаномнае плаванне. Ды і эканамічная сітуацыя ў Расеі не зусім безнадзейная. Таму год-два дапамога застанецца дакладна. А далей час пакажа.
РР: Без гэтых расейскіх прэферэнцый Беларусь не выжыве?
Леў Марголін: Нават з гэтымі прэферэнцыямі справа ў беларускай эканоміцы застаецца дрэннай, бо ніякіх радыкальных дзеянняў па аздараўленні не прадпрымаецца. Вы ж паглядзіце: дэвальвацыя рубля адстае ад узроўню інфляцыі, а гэта ўжо недапушчальна.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя
Фота elise.com.ua