Колькі снарадаў выпускае Украіна штомесяц?



За мінулыя з пачатку т.з. «частковай» мабілізацыі ў Расеі 5 месяцаў ва Украіне загінулі 1366 мабілізаваных грамадзян Расеі, 1619 зняволеных і 1760 добраахвотнікаў. Пра гэта гаворыцца ў сумесным расследаванні Рускай службы BBC і «Медиазоны». Амаль палова ўсіх загінулых — добраахвотнікі, мабілізаваныя і зняволеныя. 52 мабілізаваных памерлі на тэрыторыі Расеі, знаходзячыся ў пунктах збору ці ў вайсковых частках. Пры гэтым рэальныя страты сярод мабілізаваных, на думку журналістаў, могуць быць значна вышэйшымі, бо ў многіх паведамленнях пра вайскоўцаў, якія загінулі ва Украіне пачынаючы з кастрычніка, не ўказваецца іх статус. Паводле колькасці стратаў сярод рэгіёнаў Расеі лідзіруюць Краснадарскі край, Свярдлоўская і Чалябінская вобласці, падлічылі журналісты, прычым большасць загінулых са Свярдлоўскай і Чалябінскай абласцей — мабілізаваныя. У цэлым большая частка стратаў прыпадае на жыхароў эканамічна непаспяховых рэгіёнаў. 

Тым часам, стала вядома, колькі снарадаў выпускае Украіна штомесяц і колькі плануе. Міністр абароны Украіны Аляксей Рэзнікаў звярнуўся ў лісце да краін-удзельніц ЕЗ з просьбай пастаўляць Украіне па 250 тысяч артылерыйскіх снарадаў на месяц. Рэзнікаў даводзіць, што артылерыя грае «вырашальную ролю ў знішчэнні ваеннай моцы суперніка». Паводле яго, у сярэднім Украіна выпускала 110 000 снарадаў калібру 155 мм на месяц — гэта чвэрць ад той колькасці, якую выкарыстоўвала Расея.

Беларускае Радыё Рацыя