Конрад Паўлік: Незалежнасць – найвышэйшая каштоўнасць
99-ы год запар Польшча святкуе Дзень Незалежнасці, які называюць яшчэ Днём Адраджэння. Калі грамадзяне суседняй з намі краіны прыгадваюць як пра слаўныя старонкі гісторыі, пра нацыянальных геніяў і герояў, так і пра цяжкія ды крывавыя падзеі. Паміж нашымі краінамі ў апошнія гады ўзмацняецца супрацоўніцтва літаральна ва ўсіх сферах. Польскі бок фінансуе аўтарытэтную літаратурную прэмію Ежы Гедройца. Працягвае фінансаваць незалежны тэлеканал “Белсат” ды нашае Беларускае Радыё Рацыя. У Менску дзейнічае Польскі інстытут.
Віталь Сямашка сустрэўся з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь Конрадам Паўлікам:
– Мы сёння святкуем знакавае свята для ўсіх палякаў. Свята было ўсталявана яшчэ ў даваенныя гады. Пасля вайны гэтае свята ў камуністычнай Польшчы не адзначалася. Гэтае свята – сімвал нашага памкнення да поўнага суверэнітэту і дэмакратыі. Пасля пераменаў у 1989 годзе яно зноў было ўсталявана дзяржаўным святам. Гэта значнае свята. Па-першае, гэта было аднаўленне незалежнай Польшчы пасля першай святовай вайны, пасля 123-х гадоў падзелу і перыяду неіснавання польскай дзяржаўнасці. Па-другое, гэта свята, якое падкрэслівала нашае памкненне да суверэнітэту і аб’яднання ўсіх частак Польшчы пасля раздзелаў, якія адбыліся яшчэ прыканцы 18 стагоддзя. Канешне, гэтае свята звязана з пэўнымі канкрэтнымі асобамі, у першую чаргу гістарычнымі. Трэба згадаць маршала Польшчы Юзафа Пілсудскага, які актыўна аднаўляў польскую дзяржаўнасць яшчэ да 1918 года і падчас першай святовай вайны. Спачатку з групай жаўнераў-дабравольцаў, якія змагаліся за незалежнасць. А затым, з’яўляючыся кіраўніком дзяржавы, аднаўляў краіну, спрыяў таму, каб былі свабодныя выбары, быў створаны першы польскі Сейм і Сенат, была прынятая Канстытуцыя.
Канешне, 11 лістапада звязана і з многімі іншымі асобамі. Раманам Дмоўскім, Ігнатам Дашынскім, Ігнатам Падарэўскім. Я бы мог назваць многія іншыя імёны выдатных асобаў, але не толькі палітыкаў. Імёны тых людзей, для якіх суверэнітэт Польшчы, аднаўленне дзяржаўнасці было найвышэйшай каштоўнасцю. Помнікі гэтым асобам стаяць у Варшаве. Можна прайсці 2-3 кіламетры па галоўнай вуліцам Алеі Уяздоўскіх, Кракаўскаму прадмесцю, паглядзець помнікі гэтым людзям, якія аднаўлялі Польшчу.
Адзначаем гэтае свята таксама за мяжой. У нас два галоўныя святы, якія адзначае пасольства Рэспублікі Польшчы ў Мінску – гэта 3 траўня, свята Канстытуцыі, першай у Еўропе і другой у свеце, і другое свята – 11 лістапада.
Незалежнасць і суверэнітэт – гэта тыя каштоўнасці, якія вельмі дарагія для палякаў, для нашай краіны, для нашых грамадзянаў.
НАША ДАВЕДКА. Конраду Паўліку 40 гадоў. Да прызначэння ў Менск працаваў у Міністэрстве замежных спраў Польшчы ва Усходнім дэпартаменце, а таксама ўпаўнаважаным па справах Усходняга партнёрства. Да 2015 года – намеснікам міністра, адказным за супрацоўніцтва з польскай дыяспарай за мяжой, усходнюю палітыку і пытанні бяспекі.
Цалкам матэрыял у гукавым фармаце:
Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя, Менск