Конрад Паўлік завяршыў сваю дыпмісію ў Беларусі



Пасол Польшчы Конрад Паўлік 31 студзеня завяршыў сваю дыпламатычную місію ў Беларусі.

„Пасол ужо паехаў”, — паведаміў БелаПАН прэс-сакратар польскай дыпмісіі Марцін Вайцяхоўскі. Паводле яго слоў, да прызначэння новага пасла абавязкі кіраўніка пасольства будзе выконваць начальнік палітычнага і эканамічнага аддзела Міхал Хабрас.

Хто стане новым паслом Польшчы ў Беларусі, пакуль невядома. На гэты момант ідуць кансультацыі, адзначыў Вайцяхоўскі.

Пра тое, што Конрад Паўлік завяршае сваю працу ў Беларусі, стала вядома 12 студзеня. Як паведаміў кіраўнік прэс-службы МЗС Польшчы Артур Ломпарт, такое рашэнне было прынята па просьбе самога Паўліка былым міністрам замежных спраў Вітальдам Вашчыкоўскім (9 студзеня Вашчыкоўскага і шэраг іншых міністраў польскага ўрада адправіў у адстаўку новы прэм’ер-міністр Польшчы Матэуш Маравецкі).

Паводле паведамленняў некаторых польскіх і беларускіх СМІ, неафіцыйнай прычынай адстаўкі Паўліка стала тое, што ён не змог наладзіць адносіны з прадстаўнікамі польскай дыяспары і кіраўніцтвам польскага тэлеканала „Белсат”, які вяшчае на Беларусь. Аднак Ломпарт падкрэсліў: рашэнне аб заканчэнні місіі пасла ў Беларусі не мае палітычнага падтэксту.

Конрад Паўлік быў прызначаны паслом у Беларусі ў сакавіку 2016 года.