Кошт беларуска-кітайскага сяброўства – 22 еўра



“Не выключаю, што хутка будуць браць падаткі з веласіпедыстаў і пешаходаў,” – сумна жартуе эканаміст Леанід Заіка.

11 лютага кіраўнік краіны падпісаў Указ №40, згодна з якім беларусы могуць без пошлін атрымаць з-за мяжы пасылкі для асабістага карыстання на суму не больш за 22 еўра ў месяц і вагой не больш 10 кілаграмаў (раней – 200 еўра і 31 кг суадносна).

Акрамя таго, беларусы, якія перасякаюць мяжу больш аднаго раза ў квартал і ўвозяць тавар на суму больш за 300 еўра ці вагой больш за 20 кг, таксама павінны заплаціць мытную пошліну.

Указ уступае ў сілу праз два месяцы пасля яго афіцыйнай публікацыі.

Леанід Заіка: Як бачым, фантазій у нашых чыноўнікаў хапае, хоць, шчыра кажучы, фантазіі крыху нязграбныя. Атрымліваецца, што 22 еўра на адну пасылку – гэта кошт беларуска-кітайскага сяброўства ў самым што ні на ёсць эканамічным вымярэнні. Таму што кітайцы ўсё памятаюць, а абмежаванні на замежны Інтэрнэт-гандаль накіраваны ў асноўным супраць кітайскіх вытворцаў і сайтаў, якія гэтым займаліся. Ніхто ж не заказваў праз Інтэрнэт-крамы брыльянты ў ПАР ці машыны ў ЗША. Гэта быў масавы гандаль, якім найбольш актыўна карысталася моладзь. Улада напалохалася, як напалохалася яна і сістэмай таксі Uber.

РР: І вырашыла таксама пагрэць на гэтым рукі?

Леанід Заіка: Тут абсалютна простая пазіцыя ўлады. Ім неабходны 3 мільярды 300 мільёнаў даляраў, каб аддаць пазыкі за гэты год. Дзе іх узяць? Можна “прайсціся” па зберажэннях людзей, павялічыць падаткі… Я б сказаў, што гэта прыкметы апошніх дзеянняў урада перад яго поўным крушэннем. Але ж грошы патрэбны. Вось, напрыклад, сталі актыўна браць падаткі з сабачак, хутка за катоў возьмуцца. Неяк забыліся ў нас пра пешаходаў. За ўдзел у аўтамабільным руху мы ж плацім. Я думаю, што падатак і на веласіпеды трэба ўводзіць. А ўвогуле, сур’ёзна гэта нават не хочацца абмяркоўваць.

РР: І ўсё ж, якія, на ваш погляд, меры дапамаглі б палепшыць эканамічную сітуацыю?

Леанід Заіка: У першую чаргу неабходна стымуляваць дзелавую актыўнасць. Вось вам зямля, поле дзейнасці – працуйце. Любы бізнес, які прыносіць прыбытак менш за 1000 даляра, наогул не трэба рэгістраваць. Гандлюй, вырабляй, не блытайся пад нагамі ў чыноўнікаў… Але ў нас замест стымулявання дзелавой актыўнасці наогул тармозяць малы бізнес. У нас крызіс, а падаткі (іх збор) павялічылі на 20 адсоткаў. Абсалютна няправільна. У часы крызісу падаткі павінны зніжацца. Гэта такая антыэканамічная і антынавучная палітыка. Я сёння магу толькі выказаць шкадаванне з нагоды таго, што ў Беларусі так ставяцца да эканамічнай тэорыі.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя