Кожнае назіранне выяўляе парушэнні і фальсіфікацыі



„Адна з галоўных мэтаў удзелу апазіцыі ў выбарах – выкрыццё іх фальсіфікацыі”, – сказаў лідар Руху „За Свабоду” Юрась Губарэвіч на прэс-канферэнцыі прадстаўнікоў грамадскай ініцыятывы „Права выбару”, якая адбылася ў Менску.

У сваю чаргу, выкрыццё фальсіфікацый не дазваляе прызнаць выбары легітымнымі, чаго так дамагаецца ўлада:

– Пытанне прызнання паўнамоцтваў Палаты прадстаўнікоў, прызнанне яго паўнавартасным органам, ставіцца на кожнай парламенцкай выбарчай кампаніі. Адзіная магчымасць паказаць, што гэты орган не абіраецца людзьмі ў Беларусі, а фармуецца выключна па загаду вертыкалі, гэта правесці паўнавартаснае назіранне. Назіранне нам патрэбна не толькі і не столькі для таго, каб зарэгістраваць нейкія факты парушэнняў, а зрабіць выбары ў Беларусі свабоднымі і дэмакратычнымі – гэта наша асноўная мэта.

У гэтай сітуацыі ўдзел дэмакратычных кандыдатаў у выбарчых кампаніях з’яўляецца лагічным і абгрунтаваным. Без іх удзелу, – падкрэслівае Юрась Губарэвіч, уладам і не трэба было б займацца фальсіфікацыямі. Улада для сваіх вылучэнцаў заўсёды забяспечыць псеўда-альтэрнатыву.

„І няма вялікай розніцы, ці стаўленік „а” ці стаўленік „б” ад улады будзе названы пераможцам”, – кажа Юрась Губарэвіч. Менавіта таму апазіцыі неабходна вылучаць сваіх кандыдатаў, – нагадвае лідар Руху „За Свабоду”.

Беларускае Радыё Рацыя, Менск