Кожны сёмы выбарчы ўчастак – пад назіраннем
Валанцёры з грамадскай кампаніі “Права выбару” маюць намер ажыццяўляць назіранне за прэзідэнцкімі выбарамі 2015 года на кожным сёмым выбарчым участку Гарадзенскай вобласці. Назіранне будзе ажыццяўляцца ў час пяці дзён папярэдняга галасавання, а таксама ў дзень выбараў прэзідэнта краіны 11 кастрычніка. Акрамя гэтага, актывісты кампаніі “Права выбару” пачалі ажыццяўляць маніторынг парушэнняў выбарчага заканадаўства ад самага пачатку галоўнай палітычнай кампаніі пяцігоддзя – зазначыў сябра сакрэтарыяту кампаніі “Права выбару” Сяргей Вазьняк:
– Мы зараз назіраем за этапам збору подпісаў. Дзесьці фіксуюцца парушэнні, дзесьці хтосьці напаў на чыйсьці пікет, дзесьці прымушаюць падпісвацца за аднаго з кандыдатаў, выкарыстоўваючы адміністрацыйны рэсурс. Усё гэта пойдзе ў выніковы даклад, які будзе напісаны як дакумент і адпраўлены на агляд для беларускай і міжнароднай супольнасці.
На Гарадзеншчыне створана 692 участкі для галасавання ў час прэзідэнцкіх выбараў. 44 участкі размесцяцца на тэрыторыі вайсковых частак, бальніц, а таксама санаторных установаў і будуць закрытымі. Доступ назіральнікаў на такія ўчасткі мае быць абмежаваны.
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня