КР прапанавала стварыць назіральную групу для правядзення аўдыту дзейнасці ByPol і Азарава
Каардынацыйная рада (КР) прапануе стварыць назіральную групу для правядзення аўдыту дзейнасці ByPol і кіраўніка фонду, прадстаўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета па аднаўленні законнасці і правапарадку Аляксандра Азарава. Пра гэта паведамляе прэс-служба рады.
Адзначаецца, што Азараў прапанаваў накіраваць трох прадстаўнікоў Каардынацыйнай Рады ў Назіральную раду ByPol для прызначэння незалежнага фінансавага аўдыту. 5 ліпеня дэлегаты КР накіравалі ў фонд адказ на яго зварот, у якім гаворыцца, што паўнамоцтвы Назіральнай рады не знайшлі падтрымкі большасці дэлегатаў КР на агульным галасаванні. Адзначаецца, што падрыхтоўка і занясенне змен у Статут ByPol, а таксама фінансавы аўдыт зоймуць больш за два месяцы.
Пры гэтым да 1 жніўня запланавана правядзенне слухання КР пра вынікі дзейнасці прадстаўнікоў АПК, у тым ліку Азарава. Таксама падкрэсліваецца, што прапанаваны ўваход дэлегатаў КР у склад ByPol на нявызначаны тэрмін супярэчыць статуту КР, бо тэрмін дзеяння паўнамоцтваў дэлегата складае дванаццаць месяцаў.