Краіны ААН выступілі за агульнадаступнасць будучай вакцыны ад каронавіруса



Усе 193 краіны Генеральнай асамблеі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый (ГА ААН) падтрымалі рэзалюцыю з заклікам прадухіліць спекуляцыю на будучай вакцыне ад каронавіруса і забяспечыць агульнадаступнасць лякарстваў і ахоўных сродкаў. Аб гэтым паведамляе ТАСС са спасылкай на прэс-службу старшыні ГА ААН.

Рэзалюцыя была прынята ў ходзе працэдуры без галасавання ў час віртуальнага абмеркавання. У дакуменце, у прыватнасці, гаворыцца, што Генеральная асамблея заклікае „ўсе дзяржавы – члены ААН, а таксама іншыя задзейнічаныя бакі неадкладна прыняць меры, каб у рамках іх заканадаўстваў прадухіліць магчымыя спекуляцыі і непатрэбнае накапленне запасаў, якое можа перашкодзіць усеагульнаму доступу да эфектыўных і даступных медыкаментаў, вакцыны, сродкаў асабістай аховы, медыцынскага абсталявання, неабходных ва ўмовах распаўсюджвання COVID-19”.

У мінулы панядзелак старшыня 74-й сесіі Генасамблеі ААН Ціджані Мухамад-Бандэ заснаваў дзве новыя пасады яго сустаршынь па пытаннях, што датычацца каронавіруса. Імі сталі пастаянныя прадстаўнікі Афганістана і Харватыі.

belta.by