Краіны G7 заклікалі правесці ў Беларусі свабодныя выбары
Правесці ў Беларусі свабодныя выбары заклікалі ўдзельнікі саміту „Вялікай сямёркі” (G7), які прайшоў 11—13 чэрвеня ў Карбіс-Бэй (графства Корнуэл, Вялікабрытанія).
„Мы глыбока заклапочаныя працягам нападаў беларускіх уладаў на правы чалавека, асноўныя свабоды і міжнароднае права, прыкладам чаго стала вымушаная пасадка рэйса FR4978 і арышт незалежнага журналіста і яго партнёркі”, — гаворыцца ў выніковай заяве саміту (маюцца на ўвазе самалёт ірландскай авіякампаніі Ryanair, што ляцеў з Афінаў у Вільні і быў вымушаны сесці ў Менску, і затрыманне Рамана Пратасевіча і Сафіі Сапегі, якія знаходзіліся на борце).
„Мы будзем працаваць разам, каб прыцягнуць да адказнасці вінаватых, у тым ліку шляхам увядзення санкцый, і працягнем падтрымліваць грамадзянскую супольнасць, незалежныя СМІ і правы чалавека ў Беларусі”, — падкрэслілі ўдзельнікі саміту.
Лідары краін G7 заклікалі беларускі рэжым „змяніць курс і выканаць усе рэкамендацыі незалежнай экспертнай місіі ў межах Маскоўскага механізма Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ); уступіць у канструктыўны дыялог з усімі пластамі грамадства; правесці новыя свабодныя і справядлівыя выбары”.
У G7 уваходзяць Вялікабрытанія, Германія, ЗША, Італія, Канада, Францыя і Японія. 27 траўня кіраўнікі знешнепалітычных ведамстваў гэтых краін асудзілі дзеянні беларускіх уладаў у сітуацыі з самалётам Ryanair.
Чакаецца, што беларускае пытанне будзе закранутае на сустрэчы прэзідэнтаў ЗША Джо Байдэна і Расеі Уладзіміра Пуціна 16 чэрвеня ў Швейцарыі.