Крэмль адказаў на ракетны ўдар ЗША па авіябазе ў Сірыі
Прэс-сакратар прэзідэнта Расеі Дзмітрый Пяскоў распавёў пра стаўленне прэзідэнта Уладзіміра Пуціна да ракетнага ўдару ЗША па авіябазе Шайрат сірыйскіх урадавых войскаў.
„Прэзідэнт Пуцін лічыць амерыканскія ўдары па Сірыі агрэсіяй супраць суверэннай дзяржавы ў парушэнне нормаў міжнароднага права, прычым па надуманых падставах”, — сказаў прэс-сакратар прэзідэнта. Пяскоў у той жа час падкрэсліў, што сірыйская армія „не мае запасаў хімічнай зброі”. Усе запасы сірыйскай хімзброі былі знішчаныя, што зафіксавалі Арганізацыя па забароне Хімічнай зброі (АЗХЗ) і спецыялізаванае падраздзяленне ААН, сказаў прэс-сакратар прэзідэнта.
Акрамя таго, Пуцін лічыць, што заходнія краіны ігнаруюць факты выкарыстання хімічнай зброі тэрарыстамі, што „толькі істотна пагаршае сітуацыю”.
„Пуцін таксама бачыць ва ўдарах па Сірыі з боку ЗША спробу адцягнуць увагу сусветнай супольнасці ад шматлікіх ахвяр сярод мірнага насельніцтва ў Іраку”, — сказаў на заканчэнне Пяскоў.