Крэмль адказаў на заяву Белага дома пра вяртанне Крыма



Расея не будзе абмяркоўваць з ЗША пытанне вяртання Крыма, заявіў прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў. Так ён пракаментаваў заяву прэс-сакратара Белага дома Шона Спайсера пра тое, што Дональд Трамп чакае вяртання Крыма Украіне.

„Гэта тэма не будзе абмяркоўвацца, бо яна не можа абмяркоўвацца. Расея не абмяркоўвае пытанні, звязаныя са сваёй тэрыторыяй, з замежнымі партнёрамі”, – сказаў Пяскоў.

Журналісты на штодзённым брыфінгу папрасілі пракаментаваць словы Спайсера, а таксама спыталі, ці ўздымаў Трамп тэму Крыма падчас тэлефоннай размовы з расейскім прэзідэнтам Уладзімірам Пуціным.

„Не, не ўздымаў”, – адказаў Пяскоў. Паводле яго слоў, у Крамлі спадзяюцца данесці сваю пазіцыю па Крыме да прэзідэнта Трампа.

„Мы таксама разлічваем, што ўсё ж такі кантакты будуць наладжаны, і нам будзе дадзена магчымасць па-дзелавому, спакойна і канструктыўна даносіць сваю аргументацыю да амерыканскіх партнёраў”, – сказаў прэс-сакратар Пуціна.

bbc.com