Крэмль падтрымаў вяртанне Данбаса Украіне
Крэмль падтрымлівае заявы Пятра Парашэнкі пра вяртанне Данбаса ўслед за вяртаннем ва Украіну Надзеі Саўчанкі, калі яны прадыктаваныя меркаваннямі гуманнасці, заявіў прэс-сакратар расейскага прэзідэнта Дзмітрый Пяскоў.
Па словах прэс-сакратара Уладзіміра Пуціна Дзмітрыя Пяскова, у выпадку, калі прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка кіраваўся меркаваннямі гуманнасці, кажучы пра вяртанне Данбаса, яго „можна падтрымаць”. Пры гэтым Пяскоў удакладніў, што „прэтэнзіі на расейскія рэгіёны” не каментуюцца.
„Калі ён меў на ўвазе, што мае намер вярнуць Данбас, кіруючыся меркаваннямі гуманнасці, то такую заяву можна падтрымаць. Уласна, гэта тое, на што мы і спадзяемся ў Маскве”, – паведаміў Пяскоў журналістам.
Пяскоў таксама дадаў, што „ў частцы Крыма” „прэтэнзіі на расейскія рэгіёны” Крэмль не каментуе.
Напярэдадні, 25 траўня, пасля вяртання ўкраінскай лётчыцы Надзеі Саўчанкі ва Украіну Пётр Парашэнка паабяцаў „вярнуць” Данбас і Крым, „як мы вярнулі Надзею”. „Мы спрабавалі мяняць яе 18 і 20 траўня. Гэта наша сумесная перамога <…> Як мы вярнулі Надзею, так мы і вернем Данбас і Крым”, – заявіў Парашэнка.