Крэмль пакінуў без рэакцыі пагрозы беларускім пратэстоўцам
Лідар НАУ Павел Латушка заявіў, што расейскія ўлады не адказалі на ўсе просьбы пракаментаваць падзеі ў Беларусі і ацаніць запіс з пагрозамі забіваць дэманстрантаў.
Па словах Латушкі, у Крэмль адпраўлялі аўдыё з выказваннямі намесніка міністра ўнутраных спраў Беларусі Мікалая Карпянкова, які заклікаў страляць у мірных дэманстрантаў і будаваць для іх лагеры. Але ніякай рэакцыі афіцыйнай Масквы на гэта не дачакаліся.
Таксама Латушка падтрымаў акцыі пратэсту, якія прайшлі ў расейскіх гарадах 23 студзеня.
БелаПАН цытуе: «Зараз на вуліцах гарадоў Расеі гучаць лозунгі „Жыве Беларусь!“ і „Беларусь, мы з табой!“. А на вуліцах беларускіх гарадоў падтрымліваюць Аляксея Навальнага. Так адбываецца, таму што ў нашых пратэстаў ёсць супольнае: улада, якая адарвалася ад рэчаіснасці. Гэта сапраўдная інтэграцыя знізу».
На думку Паўла Латушкі, пуцінская ўлада цяпер сканцэнтруецца на сваіх праблемах, «якія будуць толькі нарастаць», а беларусы «павінны яшчэ раз зразумець», што ўсё ў іх руках.
«Хопіць глядзець на Захад ці Усход. Вырашаць праблемы беларусаў мусяць самі беларусы», — заклікаў Латушка.
Беларускае Радыё Рацыя