Крэмль пажадаў поспехаў новаму прэзідэнту Польшчы



У Крамлі пракаментавалі перамогу Анджэя Дуды на прэзідэнцкіх выбарах у Польшчы. Так, прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін пажадаў яму поспехаў на новай пасадзе, а прэс-сакратар кіраўніка дзяржавы Дзмітрый Пяскоў выказаў надзею «на добрыя, неангажаваныя і свабодныя ад стэрэатыпаў» адносіны з новым кіраўніцтвам рэспублікі.

На афіцыйным сайце Крамля таксама з’явілася паведамленне, што Пуцін накіраваў Дудзе віншавальную тэлеграму. У ёй ён заявіў пра ўпэўненасць, «што выбудоўванне канструктыўных адносін паміж Расеяй і Польшчай, якія засноўваюцца на прынцыпах сапраўднага добрасуседства і ўзаемнай павагі інтарэсаў, спрыяла б умацаванню бяспекі і стабільнасці ў Еўропе”.

Падчас прэзідэнцкай кампаніі Дуда заклікаў стварыць базы НАТА ў краіне. Ён падкрэсліваў, што вайна на ўсходзе Украіны не ў інтарэсах Польшчы і Еўразвяза, аднак сумняваўся ў неабходнасці адпраўкі польскіх міратворцаў у Данбас. Палітык выказваў упэўненасць, што вырашаць украінскае пытанне неабходна праз НАТА і Еўразвяз.

Паводле lenta.ru

Фота politrus.ru