Крэмль пра ўгон самалёта: мы не хочам нікога асуджаць і падтрымліваць
Расея не хоча нікога асуджаць ці падтрымліваць у інцыдэнце з самалётам Ryanair, вымушаным прызямліцца ў Менску ў нядзелю, заявіў у панядзелак афіцыйны прадстаўнік Крамля Дзмітрый Пяскоў на штодзённым брыфінгу для прэсы, паведамляе rmf24.pl.
Нагадаем, што пасля прызямлення быў затрыманы беларускі апазіцыянер Раман Пратасевіч.
«Існуюць пэўныя авіяцыйныя правілы», – сказаў Пяскоў.
На пытанне, ці паўплывае інцыдэнт на расейска-беларускія адносіны або на арганізацыю сустрэчы прэзідэнтаў Расеі і ЗША, Уладзіміра Пуціна і Джо Байдэна, прэс-сакратар Пуціна адказаў, што Масква не жадае «нікога асуджаць ці падтрымліваць» у гэтым пытанні. Проста трэба цвяроза ацаніць гэтае здарэнне, – сказаў ён. Пяскоў сцвярджаў, што «існуе шмат супярэчлівых заяваў”, а сам ён не валодае дакладнымі дадзенымі пра тое, што адбывалася на борце самалёта.
На пытанне, ці праўда, што на борце самалёта знаходзіліся расейскія агенты, Пяскоў адказаў, што не хацеў бы гэта каментаваць, і запэўніў, што Крэмль «не мае дадзеных пра тое, хто там быў, а хто не».
Крэмль таксама нічога не ведае пра іншых затрыманых, сказаў прэс-сакратар. Такім чынам, ён пракаментаваў паведамленні пра тое, што разам з Пратасевічам былі арыштаваныя чатыры грамадзяніна Расеі, уключаючы дзяўчыну Пратасевіча.
У сваю чаргу, афіцыйны прадстаўнік МЗС Расеі Марыя Захарава заявіла, што здзіўленая рэакцыяй Захаду на дзеянні ў Беларусі.
„Шакуе тое, што Захад называе інцыдэнт у паветранай прасторы Беларусі „шакавальным”, – напісала Захарава ў сваім Facebook. Гэта першы каментар расейскіх уладаў з нагоды нядзельных падзеяў у Менску.
Фота: news.ru