Крэмль пракаментаваў стварэнне польскага танкавага батальёна ля мяжы з Беларуссю
Фармаванне Польшчай танкавага батальёну ля мяжы з Беларуссю з’яўляецца «яшчэ адным крокам да напружанасці», заявіў 13 лістапада прэс-сакратар прэзідэнта Расеі Дзмітрый Пяскоў. Паводле яго слоў, якія перадае ТАСС, у гэтай сітуацыі Менск «ведае, што рабіць».
Афіцыйны Менск сітуацыю не каментаваў.
Пра фармаванне танкавага батальёну ў складзе 1‑й пяхотнай дывізіі легіёнаў Войска Польскага ў Чартаеве (Сямятыцкі павет Падляшскага ваяводства) за 30 км ад мяжы з Беларуссю паведаміў урадавы партал Польшчы.
Аляксандр Лукашэнка, віншуючы 11 лістапада народ Польшчы з Днём незалежнасці, выказаў спадзеў, што пасля нядаўніх выбараў у парламент «у Варшаве прыслухаюцца да голасу сваіх грамадзянаў з заклікам жыць у міры і згодзе з прадстаўнікамі ўсіх нацыяў і веравызнанняў», а таксама «разгледзяць працягнутую Беларуссю сяброўскую руку супрацоўніцтва».
Пакуль Афіцыйныя стасункі Варшавы і Менску практычна замарожаныя.
Беларускае Радыё Рацыя