Крэмль: Пуцін абмяркуе з Лукашэнкам рэалізацыю буйных праектаў



Падчас сочынскай сустрэчы 22 лютага Уладзімір Пуцін абмяркуе з Аляксандрам Лукашэнкам рэалізацыю буйных праектаў, паведамляе прэс-служба Крамля.

„Маецца на ўвазе абмеркаваць ключавыя пытанні развіцця расейска-беларускіх адносін стратэгічнага партнёрства і саюзніцтва. Асаблівую ўвагу плануецца надаць буйным сумесным праектам у гандлёва-эканамічнай, энергетычнай і культурна-гуманітарнай галінах, а таксама далейшаму прасоўванню інтэграцыйных працэсаў у межах Саюзнай дзяржавы”, — гаворыцца ў рэлізе Крамля.

Лукашэнка вылецеў у Сочы 19 лютага, паведаміла яго прэс-служба, адзначыўшы, што бакі падрабязна абмяркуюць „шырокі комплекс пытанняў развіцця беларуска-расейскіх адносін, сумеснае рэагаванне на выклікі, у тым ліку ў сферы ваеннай бяспекі, узаемадзеянне ў інтэграцыйных структурах”.

Перамовы з Пуціным Лукашэнка анансаваў 18 лютага падчас сустрэчы з дзяржаўным сакратаром Саюзнай дзяржавы Рыгорам Рапотам.

„Мы сапраўды з Пуціным даўно дамовіліся, што ў пачатку 20-х чыслаў лютага сустрэнемся і пагаворым па некаторых кірунках нашага супрацоўніцтва. Але адразу хачу сказаць: у нас, як заўсёды ў Расіі бывае, некаторыя падхопяць парадак дня, і, вось, „Лукашэнка прыедзе аж 3 млрд долараў прасіць”. Не, я не еду туды чагосьці прасіць”, — падкрэсліў Лукашэнка.

Пры гэтым ён даў зразумець, што з Пуціным плануецца абмеркаваць новыя праекты ў эканамічнай сферы.

„Калі Расея лічыць, што ўзровень нашага эканамічнага супрацоўніцтва павінен быць вось такой вышыні, значыць, ён такі і будзе. Чаго там хадзіць і прасіць? Таму трошкі гэтыя лібералы ў Расеі адсталі ад адчувальных пытанняў, якія мы абмяркоўваем. Мы нічога не збіраемся прасіць”, — заявіў Лукашэнка.

Прэс-сакратар прэзідэнта Расеі Дзмітрый Пяскоў заявіў, што „можна чакаць вельмі працяглых перамоваў”. Паводле слоў прадстаўніка Крамля, на перамовах будуць абмяркоўвацца, у прыватнасці, двухбаковыя дачыненні, таксама суразмоўцы маюць намер абмяняцца меркаваннямі па міжнароднай праблематыцы.

Пра будучыя перамовы Аляксандра Лукашэнкі з Уладзімірам Пуціным стала вядома на мінулым тыдні. Расійская газета „Коммерсант” паведамляла, што падчас перамоваў сярод іншага плануецца абмеркаваць новы крэдыт для Беларусі на суму не меншую за 3 млрд долараў. Суразмоўцы выдання ва ўрадзе РФ заявілі, што Беларусь хоча атрымаць доступ да рэшты сродкаў, выдзеленых Расеяй на будаўніцтва Беларускай АЭС.

Раней беларускія ўлады заяўлялі, што гэтыя сродкі могуць быць накіраваныя на рэалізацыю новых праектаў, у прыватнасці, звязаных са стварэннем інфраструктуры для экспарту беларускіх тавараў праз расійскія парты.

belapan.by