Крэмль: санкцыі супраць Пуціна раўнацэнныя разрыву адносін
Прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў назваў «мерай па-за межамі» магчымае ўвядзенне Злучанымі Штатамі санкцый супраць прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна.
Па словах Пяскова, падобная мера параўнальная з разрывам адносін. Само з’яўленне новага законапраекта аб санкцыях, які напярэдадні быў прадстаўлены дэмакратамі ў Сенаце ЗША, Пяскоў ацаніў «вельмі негатыўна», асабліва на фоне перамоваў паміж Расеяй і краінамі Захаду, якія прайшлі на гэтым тыдні. Пры гэтым самі перамовы прэс-сакратар Пуціна назваў «няўдалымі».
Законапраект аб санкцыях унесла ў сераду група сенатараў на чале з дэмакратам Робертам Мэнэндэсам, які ўзначальвае камітэт па міжнародных справах. У выпадку поўнамаштабнага расейскага ўварвання ва Украіну сенатары прапануюць забараніць Пуціну ўезд у ЗША і замарозіць яго гіпатэтычныя амерыканскія актывы. Пад абмежаванні таксама можа патрапіць расейскі знешні доўг і газаправод «Паўночны паток-2».
Раней словы пра магчымы поўны разрыў адносін з ЗША ў выпадку ўвядзення новых санкцый гучалі — як паведаміў Крэмль — з вуснаў самога Пуціна ў тэлефоннай размове з прэзідэнтам ЗША Джо Байдэнам 30 снежня мінулага года.
Беларускае Радыё Рацыя