Крочым да самаізаляцыі?
Аляксандр Лукашэнка правёў нараду па знешнепалітычных пытаннях і абрынуўся з крытыкай на заходнія краіны-суседкі. Асабліва дасталася Польшчы. Лукашэнка дагаварыўся да пагрозаў ліквідаваць ці моцна абмежаваць дыпламатычныя місіі ў гэтых краінах. Дык што, крочым да самаізаляцыі?
Пра гэта размаўляем з “Госцем Рацыі” – дырэктарам цэнтру „Еўрапейскі дыялог” Анатолем Лябедзькам:
– Нарада, якая адбылася ў Лукашэнкі, вельмі цікавая. На ёй прысутнічалі, калі я не памыляюся, з 6 чалавек – 4 генералы. І гэта нарада па выніках працы Міністэрства замежных спраў. Гэта сведчыць пра тое, што Святлана Ціханоўская забрала ў Лукашэнкі 70% міжнароднай павесткі дня. І сціснула МЗС да роўню аддзела Чырвонага дома. Па-другое, сама гэтая нарада – публічная дэманстрацыя і прызнанне тупіковасці палітыкі Лукашэнкі і таго, што ККД яго таксама вельмі-вельмі нізкі. У чым ён прызнаецца разам з генераламі? У тым, што мы зараз не можам паўнавартасна гандляваць з ЕЗ, што ў нас праблемы з Канадай, Злучаным Каралеўствам, з Нарвегіяй. А гэта азначае, што вялікія праблемы не ад таго, што нехта страйк зрабіў, а ад таго, што ў нашых прадпрыемстваў не будзе магчымасцяў атрымоўваць тэхналогіі і мець рынак збыту нашых тавараў. Гэта азначае, што Лукашэнку “двойка” за тое, што ён робіць у краіне. Гэта поўная і публічная параза. Наогул трэба было схавацца і з такімі нарадамі не вылазіць у публічную прастору. Што яны прапаноўваюць? Што нам заменяць Конга, Куба ці Венесуэла магчымасці і патэнцыял ЕЗ ці ЗША? Гэта смеху варта. Лукашэнку нічога не застаецца, як пакідаць у амбасадах толькі разведчыкаў, гандляроў сельскагаспадарчай тэхнікай і нелегальнай зброяй.
РР: Але ж пагроза зачыніць амбасады нейкая дзіўная. Сувязі з іншымі краінамі – гэта адна з асноўных прыкмет суверэнітэту. Лукашэнка пагражае знішчыць суверэнітэт Беларусі, калі яго будуць крыўдзіць?
Анатоль Лябедзька: Не толькі. Яны ж гавораць пра аптымізацыю. А гэта азначае, што такім растратным артыкулам становяцца затраты на адміністраванне, на бюракртыю. І тут трэба рабіць выбар – ці скарачаць КДБ, МУС ці Міністэрства замежных спраў. Вось ён і робіць выбар. Трэба аптымізаваць, але за кошт менавіта тых структур, якія і мусілі б праводзіць міжнародную паўнавартасную палітыку. Гэта і дэманстрацыя таго, што калі некага і скарачаюць, то толькі не сілавікоў.
РР: Асаблівым нападкам падверглася Польшча на гэтым паседжанні за тое, што дае прытулак палітуцекачам і за крытыку.
Анатоль Лябедзька: Гэта яшчэ адно сведчанне таго, да чаго прывёў Аляксандр Лукашэнка пасля 26 гадоў кіравання. Калі ты сварышся і скандаліш са сваімі суседзямі, то гэта апошняе. І тут праблемы трэба шукаць ні ў Польшчы і Літве, а ў той палітыцы, якую Лукашэнка праводзіць.
РР: Пачаўся пераслед польскай нацыянальнай меншасці. Нападкі на меншасці – гэта вельмі небяспечная права. Колькі войнаў з-за гэтага пачалося. Няўжо Лукашэнка не разумее, што з агнём гуляе?
Анатоль Лябедзька: Нападкі на грамядзян сваёй краіны – гэта недарэчна, небяспечна і бесперспектыўна. І гэта тупікова, нягледзячы на тое, што напісана ў іх пашпарце. Калі ты забіваеш грамадзян сваёй краіны, калі дзясяткі тысяч людзей ты праводзіш праз канвеер рэпрэсій, то гэта гаворыць толькі пра адно – тут не правіць Канстытуцыя і закон, а тут нешта падобнае да ваеннай хунты. І гэта робіць больш матываванай Польшчу, якая мае пазіцыю на міжнароднай арэне. Гэта краіна, з якой лічацца. І таму Лукашэнка проста набывае сабе новых ворагаў.
Цалкам гутарка ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя, Менск
Фота: DW