Крыстафер Соча: Важна знайсці новыя сферы ў супрацы Беларусі і ЗША



Беларусі і ЗША важна знайсці новыя сферы ў супрацоўніцтве, заявіў кіраўнік сакратарыята камітэта па міжнародных адносінах Сената Кангрэса ЗША Крыстафер Соча на сустрэчы са старшынём пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах Андрэем Савіных 18 лютага ў Менску.

На сустрэчы таксама прысутнічала супрацоўніца сакратарыята камітэта па міжнародных адносінах Хана Тоберн.

„Спадзяюся, наш візіт дасць магчымасць паглыбіць нашы адносіны на карысць дзвюх нашых краін, — сказаў Соча. — Мы тут ад імя кіраўніка камітэта, які хацеў, каб мы прыехалі і самі ацанілі, як мы можам дапамагчы ў справе паляпшэння адносін. Мы змаглі зарадзіцца пэўным аптымізмам, даведаліся пра поспехі беларускай эканомікі ў сферы інфармацыйных тэхналогій і нашым супрацоўніцтве ў сферы бяспекі і барацьбы з тэрарызмам”.

Соча адзначыў, што раней Кангрэс ЗША „прыняў шэраг заканадаўчых актаў па тэме адносін з Беларуссю”, але не ўдакладніў якія.

„Адна з мэт нашага візіту — на свае вочы паназіраць за прагрэсам у Беларусі, разабрацца, ці патрэбныя абнаўленні ў гэтых заканадаўчых актах. Кангрэс вельмі пільна сочыць за тым прагрэсам, які тут адбываецца, каб тыя законы, што Кангрэс прымае, выконваліся, а ўмовы, што ў іх выкладаюцца, таксама былі выкананыя”, — сказаў Соча.

Ён адзначыў, што напярэдадні сустрэўся з міністрам замежных спраў Уладзімірам Макеем і абмеркаваў з ім, як палепшыць абмен інфармацыяй паміж беларускімі ўладамі і Кангрэсам ЗША.

Гаворачы аб далейшым узаемадзеянні Кангрэса ЗША і Нацыянальнага сходу Беларусі, Соча адзначыў, што сёлета ў ЗША праходзяць выбары, таму кангрэсмены больш занятыя імі. „Пасля выбараў адкрыецца больш магчымасцей для супрацоўніцтва, — сказаў Соча. — Для нас было б карысна, калі б вы падзяліліся вашым бачаннем рэформаў, над якімі вы ўжо працуеце ці плануеце працаваць, што дазволіла б нам рухацца наперад”.

Пасля заканчэння сустрэчы на просьбу БелаПАН удакладніць, пра якія заканадаўчыя акты Соча казаў, суразмоўца адзначыў, што гаворка ідзе пра Акт аб дэмакратыі ў Беларусі, упершыню прыняты Кангрэсам у 2004 годзе. „Ён усё яшчэ дзейнічае і будзе заставацца законам, пакуль сітуацыя ў Беларусі не зменіцца”, — сказаў Соча. Паводле яго слоў, у законе ўказаныя канкрэтныя ўмовы, якія павінны быць выкананыя, каб Акт аб дэмакратыі ў Беларусі спыніў дзеянне.

belapan.by

 © AP Photo / J. David Ake