Крысціна Рыхтэр пра трыбунал над рэжымам
Уся дэмакратычная грамадскасць задаецца пытаннем: якой будзе Беларусь, калі будзе знішчана дыктатура. Якія крокі трэба рабіць, каб ахвяры барацьбы за дэмакратыю не былі дарэмнымі.
Ці зможам мы пакараць вінаватых у рэпрэсіях. Пра гэта мы паразмаўлялі з госцяй Беларускага Радыё Рацыя дарадцай Святланы Ціханоўскай па прававых пытаннях Крысцінай Рыхтэр:
РР: Што робіцца для таго, каб прыцягнуць у будучым тых, хто катаваў?
– Па-першае, я б хацела зазначыць сваю пазіцыю. Я ўсё ж такі веру ў тое, што правасуддзе, менавіта тая справядлівасць, якую чакаюць людзі, прыцягненне да адказнасці тых, хто катаваў людзей, яна збольшага магчымая менавіта ў нацыянальным заканадаўстве. То бок менавіта тыя, хто сваімі рукамі, нагамі, дубінкамі катаваў людзей, канешне гэта ўсё пра справы ў будучай Беларусі, калі ў нацыянальнай юрысдыкцыі людзей можна будзе прыцягнуць да крымінальнай адказнасці за гэтыя злачынствы. Над гэтым канешне вядзецца зараз праца, ёсць такая міжнародная платформа па працягненні да адказнасці па справах Беларусі. У яе ўваходзяць праваабарончыя беларускія арганізацыі, якія збіраюць звесткі пра катаванні. Гэта і праваабарончы цэнтр „Вясна”, гэта і Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў.
Зараз гэтыя дадзеныя збіраюцца, аналізуюцца. Яны афармляюцца такім чынам, каб гэта стала падмуркам для нацыянальных кейсаў юрысдыкцыі Беларусі, але і для таго, каб выкарыстаць гэтыя кейсы і для крымінальнай справы па ўніверсальнай юрысдыкцыі, калі можна разглядаць крымінальныя справы ў іншых краінах. Калі злачынства здзейснілася на тэрыторыі Беларусі, але яно разглядаецца ў іншых краінах. Таксама гэтыя ж звесткі можна выкарыстоўваць нават для спецыяльнага трыбунала па прыцягненні да адказнасці Лукашэнкі і іншых прадстаўнікоў рэжыму, якія валодаюць імунітэтам. Таму што трэба разумець, што калі мы кажам пра персанальную, індывідуальную крымінальную адказнасць, то ў нацыянальным заканадаўстве можна прыцягнуць да адказнасці сілавікоў сілавога блоку, можна прыцягнуць да адказнасці суддзяў, якія выносілі гэтыя прысуды, тыя хто сапраўды катаваў людзей. Гэта магчыма, асабліва калі ёсць добра сабраныя і прааналізаваныя дадзеныя. Але калі казаць менавіта пра Лукашэнку, то ён карыстаецца імунітэтам, які ў яго ёсць у нацыянальнай юрысдыкцыі. Таму робяцца крокі, каб быў створаны спецыяльны трыбунал.
Адразу адзначу, што ўвогуле гэтыя справы па ўніверсальнай юрысдыкцыі і трыбунал, гэта ўсё палягае ў межах міжнароднага права. Гэта вельмі няпростыя рэчы, я зараз трохі цынічна скажу, але справа Беларусі, гэта тое, што ў першую чаргу цікавіць беларусаў. Міжнародная супольнасць канешне імкнецца да справядлівасці, але гэта вельмі вялікія высілкі, каб зацікавіць іншыя краіны, каб расследаваць катаванні, якія здзяйсняюцца на тэрыторыі Беларусі. Шмат крокаў робіцца для таго, каб узбуджаліся справы ў нацыянальных юрысдыкцыях іншых краін. Зараз ёсць справа ў Літве, у ёй ёсць сорак чатыры пацярпелыя беларусы. Вядзецца такая камунікацыя і са следчымі органамі, з крымінальнай паліцыяй і з Генеральнай пракуратурай адносна гэтых спраў. Яны зараз знаходзяцца ў працэсе даследавання.
У панядзелак была канферэнцыя па прыцягненні Лукашэнкі. Панэль на якой я выступала, таксама прысутнічаў Генпракурор Літвы, які сказаў, што гэта не можа быць бясконцым працэсам даследавання. Усё ж такі гэта трэба давесці да нейкай лагічнай кропкі. Тое, пра што мараць беларусы – гэта перадача гэтай справы ў суд. Вось тут пытанне ці гэта суд Літвы, ці тое што выказаў меркаванне Генпракурор Літвы, ці можа гэта будзе нейкі іншы суд, больш прызнанай міжнароднай юрысдыкцыі. Гэта ўсё канешне такія складаныя юрыдычныя пытанні, якія заўсёды ляжаць у нас на стале і мы заўсёды спрабуем іх вырашаць разам з міжнароднымі партнёрамі.
Таксама ёсць заведзеныя справы ў Польшчы. Яны тычацца міграцыйнага крызісу, яны тычацца катаў, яны тычацца пасаджанага самалёта Ryanair у Беларусі. То бок ёсць тры такія розныя справы. Справы па самалёту і міграцыйнаму крызісу – гэта такія супольныя справы краін, якіх тычылася гэтае дзеянне. Таксама пра трыбунал трэба сказаць, ніколі ў гісторыі міжнароднага права не была простая справа прыцягнуць да адказнасці, нават за генацыд у краінах, дзе нашмат больш людзей былі катаваныя і забітыя, па гэтых краінах не былі створаны трыбуналы. Тут трэба разумець, што гэта вельмі доўгі працэс, які можа заняць дзесяцігоддзі.
Нагадаем, што „Госцяй Рацыі” была дарадца Святланы Ціханоўскай па прававых пытаннях Крысціна Рыхтэр. З ёй размаўляла наша карэспандэнтка Аліна Андрыевіч.
Беларускае Радыё Рацыя