Куды ідзе апазіцыя?



Кіраўнік Рады беларускай інтэлігенцыі Уладзімір Колас распавядае пра тое, якія сёння перспектывы развіцця беларускай дэмакратычнай грамадскасці.

Уладзімір Колас

Уладзімір Колас: На вялікі жаль, можна зрабіць выснову, што апазіцыя прыйшла туды, куды ішла ўсе папярэднія гады. А прыйшла, мякка кажучы, да вельмі слабай эфектыўнасці. Тое, што неабходна было зрабіць у свой час (скансалідаваць сілы вакол агульнай мэты), не было зроблена, і цяпер людзі атрымліваюць тое, што яны заслужылі. Грамадства не верыць у тых, хто лічыць сябе апазіцыяй, і ўсе знаходзяцца ў разгубленым стане. Гэта вельмі сумна, але факт.

РР: Няўжо не бачыце ніякага руху наперад?

Уладзімір Колас: Рухам наперад можна назваць дзеянні, якія маюць нейкі вынік. А які можа быць вынік у нашай апазіцыі?

РР: Напрыклад, у мінулым годзе ў парламент патрапілі дзве прадстаўніцы дэмакратычнага грамадства – Ганна Канапацкая і Алена Анісім…

Уладзімір Колас: Гэта не вынік агульных намаганняў, а камбінацыя ўладаў. Ініцыятыва ў гэтай справе належыць іншаму боку. І тое, як паставілася беларуская апазіцыя да такой з’явы, таксама гэта пацвярджае. Падзея была ўспрынята неадназначна – нехта вітае, а нехта, наадварот, асуджае. І эфектыўнасць знаходжання гэтых жанчын у парламенце, думаю, будзе не вельмі вялікая. Хаця сам факт, безумоўна, трэба вітаць. У свой час мы мелі цэлую апазіцыйную групу ў парламенце – фракцыю “Рэспубліка”. І калі б тады апазіцыйныя лідары, якія да гэтага захоўваюць свае пазіцыі, аб’ядналіся вакол іх і падтрымалі іх, то вынікі сёння былі б іншыя. Але ж гэтага не зрабілі. Гэта было змарнавана, як і шмат што іншае. Тыя шанцы, што давала сітуацыя і развіццё падзей, ніколі не выкарыстоўваліся. Усё гэта замянялася валтузнёй паміж сабой.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя