Куды пойдзе фінансавая падтрымка Еўразвяза?
Беларусь чакае далейшай рэалізацыі сумесных праектаў з Еўразвязам, паведаміў пасля саміту „Усходняга партнёрства” ў Бруселі Уладзімір Макей.
Па яго словах, вельмі важна, каб эфекты ад супрацоўніцтва адчулі простыя людзі, таму што для многіх грамадзян краіны словы „Усходняе партнёрства” сёння з’яўляюцца, на жаль, пустым гукам:
– Што датычыць 136-ці мільёнаў, якія Еўрапейскі Звяз збіраецца выдаткаваць на падтрымку нейкіх праектаў у Беларусі, то мы зацікаўленыя ў тым, каб гэтыя грошы былі накіраваныя на развіццё тых праектаў, якія пойдуць на карысць дзяржаве, народу, нашаму грамадству. Я лічу, што ў нас вельмі многа сфер, дзе могуць быць рэалізаваныя гэтыя праекты, а такіх праграм вельмі шмат – навакольнае асяродзе, праграма ў сферы мясцовага самакіравання.
У сваю чаргу старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька адзначае, што беларускія ўлады далёка не заўсёды накіроўваюць грошы на патрэбы простых людзей:
– З аднаго боку мы таксама за тое, каб у Беларусі рэалізоўваліся еўрапейскія праекты, якія скіраваныя на падтрымку інфраструктуры, на падтрымку людзей і адукацыйных праграм, на падтрымку грамадзянскай супольнасці, на падтрымку незалежнай прэсы. Я заўсёды падтрымаю грант, які скіраваны на падтрымку „Белсата”, „Радыё Рацыя”, бо для людзей гэта магчымасць атрымаць альтэрнатыўную інфармацыю. Ну і канешне мы павінны быць пільнымі, калі гэта праекты на фэйкавыя арганізацыі. Чыноўнікі шукаюць людзей з ангельскай мовай, якія ўмеюць пісаць праекты, і хацелі б атрымліваць дадатковы заробак.
Па словах Уладзімір Макея, трэба каб людзі ўбачылі, што ў нейкім рэгіёне будзь то, умоўна кажучы, на мяжы ў Берасцейскай ці ў Гарадзенскай вобласці рэалізаваны нейкі праект па развіцці памежнай інфраструктуры, па стварэнні, да прыкладу, новых памежных пераходаў.
Беларусь пасля саміту „Усходняга партнёрства” засталася адзінай сярод шасці краін-удзельніц праграмы Еўразвяза „Усходняе партнёрства”, якая не мае двухбаковага пагаднення аб партнёрстве і супрацоўніцтве з ЕЗ. Прарывы ў супрацоўніцтве з ЕЗ міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей паабяцаў да наступнага саміта. А перспектывы падпісання дамовы аб супрацоўніцтве з Еўразвязам акрэсліў як „раней ці пазней”.
Сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя Віталь Рымашэўскі пасля вяртання з Бруселя ў Менск выказаў здзіўленне тым, што тэма падпісання такога пагаднення ўвогуле падымаецца:
– Пакуль што да падпісання гэтай дамовы Беларусі як ад зямлі да месяца пешшу, бо Еўрапейскі Звяз нават не гатовы размаўляць на гэту тэму. Тыя самыя прасцейшыя рэчы, пра якія сёння кажацца, напрыклад, мараторый на смяротнае пакаранне, выкананне рэкамендацый БДІПЧ АБСЕ датычна свабодных і сумленных выбараў, у Беларусі пакуль ні кроку не зроблена ў гэтым кірунку. Пакуль беларускія ўлады не пакажуць сябе, як партнёр, які можа адказваць за свае словы і выконваць свае абяцанні, на сур’ёзныя паляпшэнні і прарывы, пра якія кажа спадар Макей, спадзявацца не выпадае.
Супрацоўніцтва Менска і Бруселя цяпер рэгулюецца дамовай, падпісанай яшчэ ў 1989 годзе СССР і Еўрапейскай эканамічнай супольнасцю.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя