Куды ўладкуюць Ігара Шуневіча?



Палітык Анатоль Лябедзька распавёў пра тое, чаму былы міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч, які ўчора падаў у адстаўку, не застанецца без працы.

Анатоль Лябедзька: Адстаўку Шуневіча я ўспрыняў гэдак жа, як, напэўна, і сярэднестатыстычны грамадзянін Беларусі – з задавальненнем. Таму што гэта быў, відаць, самы скандальны і “таксічны” міністр у атачэнні Аляксандра Лукашэнкі. Пры ім ведамства можна было называць Міністэрствам сканадалаў і правакацый, і гэта цалкам адлюстроўвала сутнасць МУС і яго кіраўніка.

Дарэчы, яшчэ два гады таму я перадаў ў міністэрства чысты аркуш паперы і прапанаваў Шуневічу напісаць на гэтым аркушы рапарт аб адстаўцы. Магчыма, ён і спатрэбіўся Ігару Шуневічу.

РР: Ці звязваеце вы гэтую адстаўку з набліжэннем Еўрапейскіх гульняў?

Анатоль Лябедзька: Мяркую, што гэтыя падзеі не звязаны. Адстаўка была прынята па савакупнасці ўсяго таго, што нарабіў Шуневіч. Лукашэнка рыхтуецца да выбарчай кампаніі, а за Шуневічам цягнецца такі брудны хвост, што нават калі б ён зрабіў нешта добрае, людзі будуць заўсёды ўспамінаць пра той самы хвост. Як кажуць, чалавек сам напісаў сваю біяграфію.

РР: І, напэўна, такі чалавек без працы не застанецца…

Анатоль Лябедзька: Не сумняваюся. Зараз ідзе дыскусія наконт таго, што новы міністр унутраных спраў нічым не будзе адрознівацца ад Шуневіча, але пытанне не ў тым, хто прыйшоў, а ў тым, хто сышоў. Новы міністр унутраных спраў Юрый Караеў – чалавек з гэтай жа сістэмы, але гэта ўжо будзе не Шуневіч. А за працаўладкаванне апошняга можна не хвалявацца. Знойдуць месца.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя