Купчына абраная кіраўніком галоўнага палітычнага органа ЮНІДА
Пасол Беларусі ў Аўстрыі, пастаянны прадстаўнік рэспублікі пры міжнародных арганізацыях у Вене Алена Купчына абраная старшынёй 17-й сесіі Генеральнай канферэнцыі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый па прамысловым развіцці (ЮНІДА), перадае БелТА.
Алена Купчына будзе выконваць абавязкі старшыні да наступнай чарговай сесіі Генеральнай канферэнцыі ЮНІДА, якая адбудзецца ў 2019 годзе. Прадстаўнік Беларусі на пасаду кіраўніка сесіі галоўных палітычных органаў універсальных міжнародных арганізацый сістэмы ААН абраны ўпершыню.
Генеральная канферэнцыя з’яўляецца найвышэйшым органам ЮНІДА, які вызначае кіруючыя прынцыпы і палітыку арганізацыі на найбліжэйшае двухгоддзе. Яна ўхваляе праграму работы, рэгулярны і аператыўны бюджэты, сочыць за эфектыўным выкарыстаннем фінансавых рэсурсаў ЮНІДА. У 17-й Генеральнай канферэнцыі удзельнічае каля двухсот дэлегацый дзяржаў — членаў арганізацыі, устаноў сістэмы ААН, міжурадавых і няўрадавых арганізацый.
Падчас сесіі будзе разгледжана ініцыяваны Беларуссю праект рэзалюцыі па ўстойлівым прамысловым развіцці краін з сярэднім узроўнем даходу. БелТА