Кыргызстан уручыў ноту пратэсту Беларусі



У Міністэрства замежных спраў Кыргызстана выклікалі часовага паверанага ў справах пасольства Беларусі Сяргея Іванова. У заяве ведамства прычынай указана сустрэча прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі з экс-прэзідэнтам Кыргызстана Курманбекам Бакіевым.

Фота: прэс-служба прэзідэнта

«У сувязі з публікацыяй, якая з’явілася на афіцыйным сайце прэзідэнта Рэспублікі Беларусь аб сустрэчы прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Лукашэнкі з К. Бакіевым 7 жніўня 2019 года ў Міністэрства замежных спраў КР быў выкліканы часовы павераны ў справах амбасады Рэспублікі Беларусь у Кыргызскай Рэспубліцы С. Іваноў», – сказана ў заяве.

У ходзе сустрэчы часоваму паверанаму ўручылі ноту МЗС Кыргызстана, у якой «быў выказаны пратэст працягу афіцыйных публічных кантактаў з асуджанай у Кыргызскай Рэспубліцы асобай».

У ведамстве адзначылі, што лічаць «катэгарычна недапушчальным выкарыстанне ў ходзе гэтай сустрэчы дзяржаўнай сімволікі Кыргызскай Рэспублікі і ўзгадванне кыргызска-беларускай дружбы, што ў корані не адказвае прынцыпам дружбы і супрацоўніцтва паміж дзвюма дзяржавамі».

Кыргызстан заклікае афіцыйныя ўлады Беларусі змяніць свой падыход да дадзенай сітуацыі і засяродзіцца на пазітыўным парадку дня двухбаковага супрацоўніцтва.

Напярэдадні Аляксандр Лукашэнка правёў сустрэчу з Курманбекам Бакіевым у Палацы незалежнасці. Нагодай для размовы стаў 70-гадовы юбілей госця, які ён адзначыў некалькі дзён таму. Лукашэнка падарыў юбіляру карціну «Паляванне качэўнікаў з беркутам», корцік і букет беларускіх кветак. Па заканчэнні віншавальнай часткі Лукашэнка і Бакіеў правялі рабочую сустрэчу, абмеркаваўшы актуальныя пытанні.

Нагадаем, пасля ўцёкаў з Кыргызстана ў 2014 годзе Бакіеў пасяліўся ў Беларусі, дзе атрымаў беларускі пашпарт, пабудаваў дом у Менску і нават быў узнагароджаны беларускім ордэнам Дружбы народаў. На радзіме ў дачыненні да экс-прэзідэнта Кыргызстана было ўзбуджана некалькі крымінальных спраў, па якіх яго тройчы завочна асудзілі, і спачатку ён быў прысуджаны да пажыццёвага зняволення, затым Вярхоўны суд замяніў гэты прысуд на 30 гадоў пазбаўлення волі.

TUT.BY