Лагвінца папярэдзілі за Вольскага
Намеснік старшыні руху «За Свабоду» Алесь Лагвінец атрымаў афіцыйнае папярэджанне акруговай выбарчай камісіі за агітацыю на пікеце па зборы подпісаў за сваё вылучэнне кандыдатам у дэпутаты. Пра гэта паведамляе БелаПАН са спасылкай на першага намесніка старшыні руху Юрася Губарэвіча.
Пікет Лагвінца ў менскім сталічным мікрараёне Сухарава 27 ліпеня, на якім адбыўся канцэрт рок-музыкі Лявона Вольскага, сабраў сотні чалавек. Папярэджанне не палітыку было вынесена 29 ліпеня.
«Наколькі вядома, у Лагвінца нават два папярэджанні, што згодна з палажэннем інструкцыі Цэнтравыбаркаму для акруговых выбарчых камісій можа аўтаматычна прывесці да яго нерэгістрацыі. На маю думку, папярэджанне абсалютна неабгрунтаванае, таму што гаворка ідзе пра форму пікету па зборы подпісаў, якую ён абраў. Так, незвычайная форма, якая, можа быць, не выкарыстоўвалася раней прадстаўнікамі беларускай апазыцыі, але тым не менш і збор подпісаў пад сцягамі ў людных месцах, і правядзенне канцэрту — усё гэта было накіравана на тое, каб прыцягнуць дадатковую ўвагу людзей з акругі», — цытуе Губарэвіча БелаПАН.
«Тут пазіцыя Цэнтравыбаркаму — зрабіць кампанію найменш заўважнай для грамадзтва і выбаршчыкаў, загнаць яе ў глухі кут і такім чынам працаваць на пацвярджэнне слоў кіраўніка КДБ Вакульчыка, які казаў, што апазыцыі не відаць і не чуваць. На самай справе, яе і відаць, і чуваць, і ЦВК гэтым моцна незадаволены», — дадаў палітык.
Старшыня Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына 29 ліпеня на прэс-канфэрэнцыі ў Менску заявіла: «Якія музыкі? Зараз збор подпісаў ідзе, ніякай агітацыі. Ніякіх музыкаў не павінна там быць. А вы кажаце пра тое, што там ужо вялася актыўная перадвыбарная агітацыя. Давайце мухі і катлеты размяжоўваць. Збор подпісаў — гэта адно, а музыка, прамовы ў мэгафон доўгія, гучныя — гэта зусім розныя рэчы»