Лакейская трасянка
Старшыня Савета Федэрацыі Федэральнага сходу РФ Валянціна Матвіенка выказала глыбокую занепакоенасць моўным пытаннем: у час парламенцкіх слуханняў на тэмат захавання, абароны і развіцця рускай мовы спікер заклікала змагацца з замежнымі словамі. Вечна яны кагосьці ці нешта абараняюць. Нічога не нагадвае? То рускамоўнае насельніцтва на тэрыторыі чужой дзяржавы, дзе зборны вобраз ворага — калектыўны Захад, то руская мова ад чужаземшчыны.
І ва ўсіх выпадках небяспека надуманая, прыцягнутая за вушы. Выкараняць, у першую чаргу, трэба англіцызмы (хто б сумняваўся!) з гаворкі органаў публічнай улады. «Дэдлайн», «мадэратар», «кава-брэйк» — не месца ім сярод матрошак і балалаек! Тым больш, калі іх ужываюць спікер і сенатары ў парламенце! Эх, неяк і «прэзідэнт», і «прэм’ер-міністр» – не зусім рускія словы. А то, глядзі, і апакаліпсіс не за гарамі. Дасталася і расійскаму бізнесу, які працягвае выкарыстоўваць замежныя словы. Маўляў, многія расійскія брэнды, якія прыйшлі на змену заходнім (чытай — тым, што пакінулі РФ з-за санкцый), да гэтага часу працягваюць выкарыстоўваць замежныя назвы і пераймаюць іх дызайн.
Фу, ўчорашні дзень і дрэнны густ. Дарэчы, яшчэ ў лютым 2023 года ў РФ быў прыняты ў трэцім чытанні закон, які забараняе ўжыванне замежных слоў пры наяўнасці рускіх аналагаў. Таму ніякіх дыскаўнтаў і фудкортаў. Навошта ім лакейская трасянка? Толькі яны не разумеюць, што спыніць такі натуральны працэс, як з’яўленне новых запазычаных слоў, гэта ўсё адно як зачыніць дзверы перад навукова-тэхнічным прагрэсам. А ў рэгіёнах і рады старацца: напрыклад, у Саратаўскай вобласці забаронена выкарыстоўваць англіцызмы ў шыльдах з наступнага года.
Матвіенка, дарэчы, родам з украінскай Шапятоўкі, і наўрад ці яна памятае бацькоўскую мову. Затое адважна змагаецца за расейскую. Цяпер няхай укараняе ў органах публічнай улады словы, якімі здаўна славіцца Расія і якія нельга перавесці ні на адну мову ў свеце: і ў гневе, і ў радасці, і проста так — для звязкі.
Ліза Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя