Ландсбергіс: Беларусь у Астраўцы зрабіла Літве брыдоту



Не здавацца і супраціўляцца будаўніцтву Беларускай АЭС у Астраўцы (Гарадзенская вобласць) заклікаў першы кіраўнік незалежнай Літвы Вітаўтас Ландсбергіс.

„Здаецца, няма ў свеце іншай такой краіны, якая пасля савецкай агрэсіі зрабіла б Літве такую брыдоту, як Беларусь у Астраўцы”, — заявіў 87-гадовы палітык у літоўскім парламенце на сустрэчы з удзельнікамі вільнюскіх падзей 13—14 студзеня 1991 года, паведамляе партал ru.delfi.lt.

„І за што, у чым Літва правінілася перад сястрой-Беларуссю? Але тут мы не маем рацыі, напэўна, наўрад ці засталася гэтая сястра Беларусь, можа, яна скаваная, спавітая, стала толькі дадаткам да імперыі”, — сказаў Ландсбергіс. Паводле яго слоў, Літва не павінна забываць, хто рэальны агрэсар і корань зла, павінна дэманстраваць вытрымку і рашучасць не здавацца, нават калі будуць казаць, што гульня прайграная.

„Ужо чуюцца такія словы і сярод уладных людзей. Такой устаноўкі не павінна быць. Мы павінны стаяць да канца, не павінны прымаць гэтую брудную энергію, не павінны плаціць за гэтую вяроўку, на якой нас павесяць. І хай Бог вырашае, дзе і ў каго надыдзе банкруцтва і падзенне. Няхай Літва трымаецца хаця б духоўна”, — заклікаў Ландсбергіс.

belapan.by