Ларыса Жыхар: Іду на выбары, каб распавесці пра сваю дзейнасць
Грамадская актывістка, адна з кіраўнічак руху “Маці 328” Ларыса Жыхар распавядае пра свой удзел у парламенцкіх выбарах у Гародні, дзе яна з’яўляецца кандыдатам ад Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) па акрузе №49.
– Ладзім пікеты. У нас выраблена прадукцыя для выбаршчыкаў – календарыкі, улёткі з маёй праграмай і тэзісамі маёй праграмы, а таксама праграма маёй партыі, да якой я належу – Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада). Таксама партрэты. Мы раздаём улёткі, закідваем у паштовыя скрыні. На пікетах таксама будзем раздаваць, каб выбаршчыкі ведалі сваіх кандыдатаў.
На думку Ларысы Жыхар, самымі неэфектыўнымі на гэтых выбарах з’яўляюцца сустрэчы ў памяшканнях.
– Адбываюцца яны наступным чынам. Зразумела, высілкаў ідзе на гэтыя сустрэчы шмат. Цяпер іх можна правесці ў любой актавай зале, або ў тым месцы, якія прадугледжаны. Але хто прыйдзе на гэтыя сустрэчу? Прыйдуць тры прадстаўнікі: з КДБ могуць прыйсці, з МУС, некалькі бабулек, якія пачнуць устаўляць «палкі ў колы». Навошта гэта? Калі хто жадае, можа са мной сустрэцца і на пікеце, паглядзець маю праграму, бо я нічога не хаваю.
Ларыса Жыхар упэўнена, што перамагчы ў гэтых выбарах, якія адбудуцца ў Беларусі 17 лістапада 2019 году, амаль немагчыма, але яна ў іх прымае ўдзел, каб паказаць альтэрнатыву існуючым дэпутатам.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота Сяргея Апановіча