Латушка: Дзейнасць Каардынацыйнай рады будзе працягвацца
Сябра прэзідыума Каардынацыйнай рады Паўла Латушку дапыталі ў следчым камітэце як сведка па крымінальнай справе аб падрыхтоўцы да захопу ўлады.
Справа была заведзена па факту стварэння Каардынацыйнай рады. Допыт працягваўся каля трох з паловаў гадзінаў. З Паўла Латушкі ўзятая падпіска аб неразгалошванні:
– Допыт прайшоў дастаткова ў канструктыўнай форме, калі можна так казаць пра дадзеныя працэсуальныя дзеянні.
РР: Хто следчы?
– Не маю права паведамляць. Мы лічым, што дзейнасць Каардынацыйнай рады будзе працягнутая, таму што мы не лічым, што тая дзейнасць, якую ажыццяўляе Каардынацыйная рада, выходзіць за рамкі прававога поля і заканадаўства Рэспублікі Беларусь. Мы дзейнічаем, яшчэ раз падкрэсліваю, і гэта было яшчэ раз мной адзначана ў межах допыту, у рамках прававога поля.
Па словах Паўла Латушкі, гэтую крымінальную справу магчыма разглядаць як палітычны ціск уладаў на сваіх апанентаў.
„Але я адчуваю перад сабой абавязак зрабіць усё магчымае, каб шляхам перамоваў знайсці выйсце з таго палітычнага крызісу, які склаўся ў нашай краіне. Гэта мэта дзейнасці нашай каардынацыйнай рады. І гэтага ж хоча большасць беларускага грамадства”, – падкрэсліў Павел Латушка.
Беларускае Радыё Рацыя, Менск