Латушка і Азараў сустрэліся з намеснікам міністра замежных спраў Літвы
Павел Латушка і Аляксандр Азараў абмеркавалі на сустрэчы з намеснікам міністра замежных спраў Літвы Мантасам Адаменасам «узмацненне ціску на рэжым Лукашэнкі ў рамках універсальнай крымінальнай юрысдыкцыі».
Акрамя таго, размова ішла аб расследаванні крымінальных спраў па фактах прымусовай пасадкі самалёта Ryanair у маі 2021 года ў Менску і «вядзення гібрыднай вайны з выкарыстаннем нелегальных мігрантаў».
Латушка зазначыў, што «вышэйзгаданыя інструменты ціску знаходзяцца ў распараджэнні як пракуратуры Літвы, так і іншых краін, і адказнасць за злачынствы павінна наступіць». Таксама бакі дамовіліся прааналізаваць эфектыўнасць эканамічных санкцый і спосабы іх абыходу, якія выкарыстоўваюцца рэжымам. Таксама беларускія палітыкі сустрэліся з дыпламатамі «беларускай палітычнай секцыі Амбасады ЗША»: «Дэталёва абмеркаваны інструменты, якія могуць выкарыстоўваць ЗША для ціску і прыцягнення да адказнасці прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі».