Латушка: Лукашэнка мусіць адказаць за ўсе злачынствы, якія робіць супраць беларусаў і ўкраінцаў



Аляксандр Лукашэнка неахайна ставіцца да бяспекі Беларусі і ўсіх беларусаў. Так Павел Латушка адрэагаваў на інфармацыю пра тое, што наёмнікі з „Вагнера” і іх кіраўнік Яўген Прыгожын знаходзяцца ў Беларусі. Гэта пацвердзіў Аляксандр Лукашэнка. Паводле якога, лагеры для байцоў ПВК «Вагнер» у Беларусі не будуюць, але пры неабходнасці ім дапамогуць з размяшчэннем.

Сітуацыю каментуе намеснік старшыні Аб’яднанага Пераходнага Кабінету, кіраўнік Народнага Антыкрызіснага Упраўлення Павел Латушка:

-Ён самую моцную злачынную арганізацыю гвалтаўнікоў, рабаўнікоў, забойцаў запрашае ў Беларусь! Хто яшчэ нават з прыхільнікаў, якія засталіся ў Беларусі, будзе пагаджацца з такой палітыкай? Мы разумеем, што ён робіць зараз з беларускім народам. Ён робіць з нашай Беларусі памыйную яму, куды ён будзе збіраць увесь злачынны свет. Гэта выклік зноў нашаму грамадству, нашай дзяржаве. За гэта ён таксама мусіць несці адказнасць. Чарговы раз публічна кажа – я падтрымліваю вайну, я за  тое, каб забіваць украінцаў. І гэта трэці ўдар, які мы будзем рыхтаваць па Лукашэнку. Ён мусіць адказаць за ўсе злачынствы, якія ён робіць супраць беларусаў і супраць украінцаў.

З заявай таксама выступіла дэмакратычная лідарка Святлана Ціханоўская. «Пуцін і Лукашэнка ператвараюць нашую краіну ў ізгоя і ваенны палігон», паведамляе яна ў сваім тэлеграм-канале. Ціханоўская едзе ў Брусель, дзе плануецца абмеркаваць стратэгію ЕЗ па Беларусі, якая прадугледжвае захады па спыненні пераўтварэння Беларусі ў расейскую калонію. Гэту ж тэму Офіс Святланы Ціханоўскай плануе агучыць на саміце НАТА ў Вільні.

Беларускае Радыё Рацыя